Цягам тыдня суд Дубровенскага раёну разгледзеў дзве адміністрацыйныя справы ў дачыненні да сужэнцаў Міхаіла (арт. 23.34 КаАП) і Людмілы (арт. 17.1 КаАП) Чамуракаў. Абедзве справы суд спыніў праз недаказанасць віны.

4 лютага інжынер па выпрабаваннях заводу «Візас» і маці дваіх дзяцей Ніна Скрыпец атрымала з працы апавяшчэнне аб звальненні «праз скарачэнне штату». Скрыпец – адна з затрыманых і пакараных вялікім штрафам у «справе трынаццаці». Суд адбыўся 30 студзеня, а загад аб звальненні падпісаны 1 лютага. Гэткае супадзенне жанчына лічыць невыпадковым.

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 4 лютага працягнуўся крымінальны працэс у справе 22-гадовай віцяблянкі Юліі Кашаверавай – былой медсястры 103-й асобнай мабільнай брыгады. Дзяўчыну абвінавачваюць у злосным хуліганстве. Паводле следства, на маршы пратэсту 4 кастрычніка 2020 году яна пашкодзіла мікрааўтобус міліцыі і сарвала маску з амапаўца, піша TUT.BY.

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 4 лютага быў агучаны абвінаваўчы прысуд у дачыненні да 26-гадовага Арцёма Ісакава, які ўжыў газавы балончык у бок міліцыянта ў цывільным падчас шэсця 25 кастрычніка. Суддзя Сяргей Будрэвіч пастанавіў пакараць Ісакава 3-ма гадамі пазбаўлення волі.

3 лютага Віцебскі абласны суд разгледзеў тры скаргі на пастановы суду гораду Наваполацку, скаргу на рашэнне Пастаўскага раённага суду і скаргу на рашэнне суду Першамайскага раёну Віцебску. Усе пяць рашэнняў судоў першай інстанцый суддзі Святлана Іванова і Ірына Смалякова пакінулі без зменаў, а скаргі без задавальнення.

У сераду 3 лютага блогерка і аўтар ютуб-каналу «Настоящая Беларусь» Алена Янушкоўская выйшла на волю з віцебскага ізалятара часовага ўтрымання (ІЧУ). За троххвілінны ролік, які выклала ў інтэрнэт, ёй давялося правесці за кратамі 7 сутак арышту.

У крымінальным працэсе супраць віцябляніна Арцёма Ісакава, які 25 кастрычніка 2020 году ўжыў газавы балончык падчас шэсця, адбыліся спрэчкі бакоў. Пракурор папрасіў суд прызнаць Ісакава вінаватым і пакараць 6 гадамі пазбаўлення волі. Гэта максімальны тэрмін, прадугледжаны арт. 364 КК РБ.

Адміністрацыйны працэс паводле арт. 23.34 КаАП у справе 13 віцяблянаў прайшоў 30 студзеня ў памяшканні Першамайскага РАУС у закрытым рэжыме і скончыўся апоўначы. Дзевяцёх затрыманых суддзя Вераніка Барысава пакарала 15 суткамі арышту, але пасля прысуду іх не змясцілі ў віцебскі ІЧУ, а адвезлі ў Гарадок. Чаму? Каментуе праваабаронца Ірына Траццякова.

Суд Аршанскага раёну і Воршы 1 лютага агучыў прысуд у крымінальнай справе паводле ч.1 арт. 368 (Абраза прэзідэнта РБ), распачатай супраць мясцовага жыхара Уладзіміра Шынкевіча. Ён прызнаны вінаватым і пакараны пазбаўленнем волі на 1 год і тры месяцы.

Асістэнта кафедры агульнай стаматалогіі Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэту Аляксандра Маісеева азнаёмілі 1 лютага з загадам аб звальненні з працы праз прагулы без важкіх прычын. Тое, што выкладчык трое сутак знаходзіўся за кратамі ізалятару часовага ўтрымання (ІЧУ) і фізічна не мог выконваць свае працоўныя абавязкі, кіраўніцтва ВДМУ не палічыла апраўданнем яго адсутнасці.