24.06.2024 Тэгі: культура, экстрэмізм, спецвытворчасць Юрый Качура. Скрыншот з відэа. Мінскі абласны суд 24 чэрвеня ў парадку спецыяльнай вытворчасці пачынае разгляд крымінальнай справы 44-гадовага футбольнага фаната Юрыя Качуры. Яго абвінавачваюць у “распальванні іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы” (ч. 1 арт. 130 КК) і “абразе прадстаўніка ўлады” ( арт. 369 КК).

Справу разглядае суддзя Ірына Майко.

Юрый Качура – былы спартовец, задоўга да 2020 года уваходзіў у групоўкі футбольных фанатаў і неаднаразова затрымліваўся. Да свайго апошняга затрымання вымушаны быў працаваць абвальшчыкам мяса ў Мінску.

У кастрычніку 2020-га года Юрыя схапілі ў Мінску на вуліцы без якіх-небудзь падстаў і адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. Там яго чакалі катаванні, абліванне хлоркай, рэгулярныя пабоі, а пасля — немагчымасць уладкавацца на працу. У лютым Юрыя затрымалі ізноў, пры гэтым супрацоўнікі ГУБАЗіК спачатку памылкова выламалі дзверы суседу, а пасля кінулі ў яго кватэру шумавую гранату. Пасля пачаліся збіцці.

Пасля вызвалення Юрый Качура з’ехаў з краіны.

А 18 красавіка 2024 года Следчы камітэт пачаў у дачыненні да яго спецыяльную вытворчасць.

Юрый Качура ў відэаінтэрв’ю ініцыятыве “Праваабаронцы супраць катаванняў” падрабязна распавёў пра сваю гісторыю і пераслед, якому яго падвяргалі на Акрэсціна.

Крыніца: У Мінску пачынаецца завочны суд над былым футбольным фанатам