Субота, 06 Люты 2021

Дубровенскія ўлады ціснуць на сям’ю Чамуракаў. Дзве справы ў судзе разваліліся

Ацаніць гэты матэрыял
(10 галасоў)
Людміла і Міхаіл Чамуракі. Фота з сямейнага архіву Людміла і Міхаіл Чамуракі. Фота з сямейнага архіву

Цягам тыдня суд Дубровенскага раёну разгледзеў дзве адміністрацыйныя справы ў дачыненні да сужэнцаў Міхаіла (арт. 23.34 КаАП) і Людмілы (арт. 17.1 КаАП) Чамуракаў. Абедзве справы суд спыніў праз недаказанасць віны.

2 лютага Людміла Чамурака наведала пракуратуру, каб паведаміць, што яе муж Міхаіл не зможа з’явіцца па позве на 3 лютага. Напярэдадні яго затрымалі. Людміла мела даверанасць прадстаўляць інтарэсы мужа ў адміністрацыйных справах. Хацела даведацца, з якой прычыны Міхаіла выклікаюць да пракурора.

Дзверы пракуратуры аказаліся зачыненымі, але Людміле адкрыла прыбіральшчыца, якая і правяла яе на другі паверх. Пабачаўшы Людмілу Чамураку, супрацоўнікі пракуратуры абурыліся і абвінавацілі жанчыну ў самавольстве. Маўляў, пракурорскія самі спускаюцца да наведнікаў на першы паверх. Пасля непрацяглай размовы Людміла пагадзілася спусціцца і пачакаць унізе, але запатрабавала кнігу скаргаў і прапаноў.

«Ніякага самавольства не было. Прайшла з дазволу, следам за прыбіральшчыцай. А мяне ў дадатак звінавацілі ў тым, што я з непавагай стаўлюся да тэхнічнага персаналу. Хаця самі нават не павіталіся. Я запярэчыла, сказала, што роўна стаўлюся да прадстаўнікоў усіх прафесіяў і паважаю любую працу. А ў дадзеным выпадку проста канкрэтызавала, хто мне адчыніў дзверы», – расказвае Людміла.

Як далей распавядае жанчына, пракурора давялося пачакаць. Калі ён спусціўся, то пачаў наракаць на ейнае «самавольства». Заявіў, што зараз з’явіцца міліцыянт і ва ўсім разбярэцца. Для Людмілы гэта стала поўнай нечаканасцю. Пракурор праверыў пашпарт і даверанасць, але прычыну, з якой мужа выклікаюць у пракуратуру, назваць адмовіўся.

Пасля з’яўлення міліцыянта Людмілу затрымалі. У РАУС на яе склалі пратакол за дробнае хуліганства, пратрымалі 4 гадзіны. Што праўда, далі патэлефанаваць сваякам, каб тыя паклапаціліся пра няпоўнагадовага сына.

5 лютага адбыўся суд. Суддзя Ігар Татаеў справу спыніў праз недаказанасць віны. Хаця сведкі пераконвалі, што Людміла нібыта перашкаджала працы пракуратуры, выказвала непавагу да грамадзянаў і без дай прычыны запатрабавала кнігу скаргаў і прапаноў.

Наперадзе Людмілу Чамураку чакае яшчэ адзін суд паводле арт. 23.34 КаАП – за БЧБ-балонікі на акне ўласнага дому. Міхаіла Чамураку за тыя ж балонікі суд ужо пакараў 7 суткамі арышту. Як лічыць Людміла, хутчэй за ўсё яе справу будзе разглядаць суд Аршанскага раёну.

3 лютага адбыўся суд і над Міхаілам Чамуракам (арт. 23.34 КаАП). Дубровенскага актывіста абвінавачвалі ў тым, што ён нібыта развешваў БЧБ-стужкі на парэнчах моста. Справа таксама спыненая праз недаказанасць вінаватасці.

А ўжо ў пятніцу 5 лютага да Чамуракаў прыйшла цэлая камісія, каб даследаваць, ці не знаходзіцца сям’я, якая выхоўвае школьніка, у сацыяльна небяспечным становішчы. Ніякіх парушэнняў не выявіла, але на 25 лютага бацькоў выклікалі на так званы савет прафілактыкі.

Людміла лічыць невыпадковым з’яўленне камісіі пасля кваліфікацыі яе паводзінаў паводле артыкулу 17.1КаАП (дробнае хуліганства). Гэты артыкул дае магчымасць чыніць ціск на сям’ю і падставу для пастаноўкі на кантроль.

С. Горкі