8 студзеня 2021 году блогерка Алена Янушкоўская, вядомая сваімі стрымамі на канале «Настоящая Беларусь», узяла ўдзел у сяброўскай гулянцы ў кавярні «Сава» пад Віцебскам. Там жа зняла троххвілінны відэаролік, на якім сябры віншуюць адзін аднога і ўсю Беларусь з Новым годам і Калядамі. Відэа віншавання пабачыў на ютуб-канале старшыня Варонаўскага сельсавету Восіпаў – і адразу ж паведаміў у міліцыю…
Янушкоўскую затрымалі 27 студзеня і пасля складання пратаколу паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП кінулі ў ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ) – у судовым працэсе яна ўдзельнічала праз скайп.
Паводле міліцэйскага пратаколу, Алена Янушкоўская 8 студзеня ўзяла ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні, удзельнікі якога выкрыквалі лозунгі «Жыве Беларусь!», «Лукашэнку ў аўтазак!» ды іншыя. Сваёй віны жанчына не прызнала і тлумачэнні даваць адмовілася.
«Ваш закон пазбаўляе мяне права на выказванне ўласнай думкі нават на прыватнай тэрыторыі», – сказала толькі.
Суддзя Міхаіл Зубеня, які дзень таму за ўдзел у той жа вечарыне аштрафаваў на 40 базавых велічынь дачку Алены Янушкоўскай Юлію Ўласенку, прызнаў вінаватай і яе маці – і пастанавіў пакараць яе адміністрацыйным арыштам на 7 сутак (двое сутак Алена ўжо адбыла).
Алене Янушкоўскай 55 гадоў, яна мае інваліднасць трэцяй групы.
Зміцер Міраш