Серада, 03 Люты 2021

Блогерка Алена Янушкоўская выйшла на волю пасля 7 сутак арышту

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Алена Янушкоўская на волі Алена Янушкоўская на волі

У сераду 3 лютага блогерка і аўтар ютуб-каналу «Настоящая Беларусь» Алена Янушкоўская выйшла на волю з віцебскага ізалятара часовага ўтрымання (ІЧУ). За троххвілінны ролік, які выклала ў інтэрнэт, ёй давялося правесці за кратамі 7 сутак арышту.

«Парушаныя былі мае правы. То бок у гэтым артыкуле 23.34 яны адмяняюць цалкам артыкул Канстытуцыі, які дазваляе мне выказваць сваё меркаванне публічна: калі я супраць – магу выйсці і сказаць пра тое. А тут я за гэта, атрымліваецца, пастаянна пакараная. Гэта забаронена! Мы не можам гаварыць адкрыта. Мы можам толькі хавацца па кутах. А лепш, як яны думаюць, нас наагул усіх у канцлагер адправіць», – сказала па вызваленні Алена Янушкоўская.

На думку жанчыны яе затрымалі і кінулі за краты толькі за тое, што выкрыкнула падчас трансляцыі лозунг «Жыве Беларусь!». Алена ўпэўненая, што калі б моўчкі вяла стрым, то пратакол бы не складалі.

«Атрымліваецца, што яны супраць, каб жыла Беларусь. Атрымліваецца, што так. Што нашу Радзіму «зліваюць»...» – пракаментавала блогерка сваё затрыманне.

29 студзеня суд Кастрычніцкага раёну Віцебску, а менавіта суддзя Міхаіл Зубеня, палічыў відэаролік, які быў зняты на прыватнай тэрыторыі ў кавярні «Сава» у вёсцы Лучынаўка, несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам – пікетаваннем.

Уладзімір Бяляўскі