Напярэдадні пракурорка Крысціна Мацвеева прасіла для Ісакава 6 гадоў калоніі.
Арцём Ісакаў прызнаны «вінаватым у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў у мэтах учынення перашкоды яго законнай дзейнасці і прымусу да змены характару гэтай дзейнасці». На падставе арт. 364 КК РБ суд прызначыў віцябляніну пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 3 гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Апроч таго, суд прыняў рашэнне спагнаць з Ісакава працэсуальныя выдаткі (94 рублёў 80 капеек), а аўтамабіль, мабільны тэлефон, тэлевізар і іншыя канфіскаваныя рэчы – пакінуць пад арыштам. Газавы балончык, як прылада злачынства, павінен быць знішчаны, пастанавіў суддзя Сяргей Будрэвіч.
Тэрмін знаходжання пад вартай ад 28 кастрычніка 2020 году да 3 лютага 2021 года будзе залічаны ў тэрмін пакарання.
Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны ў апеляцыйным парадку ў Віцебскім абласным судзе цягам 10 сутак з дня атрымання копіі прысуду.
Уладзімір Бяляўскі