Серада, 03 Люты 2021

Чаму пакараныя ў «справе 13-ці» адбываюць «суткі» ў Гарадку? Каментар праваабаронцы

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Праваабаронца Ірына Траццякова Праваабаронца Ірына Траццякова

Адміністрацыйны працэс паводле арт. 23.34 КаАП у справе 13 віцяблянаў прайшоў 30 студзеня ў памяшканні Першамайскага РАУС у закрытым рэжыме і скончыўся апоўначы. Дзевяцёх затрыманых суддзя Вераніка Барысава пакарала 15 суткамі арышту, але пасля прысуду іх не змясцілі ў віцебскі ІЧУ, а адвезлі ў Гарадок. Чаму? Каментуе праваабаронца Ірына Траццякова.

На думку Ірыны Траццяковай, такое рашэнне магло быць выклікана перапоўненасцю віцебскага ізалятару часовага ўтрымання (ІЧУ), але могуць быць і іншыя прычыны.

«Магчыма, нехта вырашыў: «Давайце ўскладнім жыццё яшчэ больш – адправім віцяблян у Гарадок!» Палічылі, што якая-ніякая адлегласць перашкодзіць перадаць асуджаным прадукты харчавання, адзежу, асабістыя рэчы. Але Гарадок знаходзіцца ўсяго ў паўгадзіны язды ад Віцебску! І 2 лютага арыштаваныя ўжо атрымалі першыя перадачы. Безумоўна, ёсць у гэтым і момант псіхалагічнага ўздзеяння на арыштаваных. Дый пасля вызвалення людзей, канечне, не прывязуць у Віцебск. Іх проста выкінуць за браму гарадоцкага ІЧУ», – выказала меркаванне Траццякова.

Гэта была зачыстка перад Усебеларускім сходам

Па словах праваабаронцы, судовае паседжанне адмыслова зрабілі паказальным.

«Я адназначна магу сцвярджаць, што гэта свайго роду зачыстка перад Усебеларускім народным сходам 11-12 лютага. Усё робіцца для таго, каб нейтралізаваць у горадзе актыўную моладзь», – адзначыла Ірына Траццякова.

Незвычайна і тое, што паседжанне прайшло ў суботу. Як тлумачыць Ірына Траццякова, згодна з заканадаўствам у суботу ці нядзелю суды праводзяцца толькі ў выпадку доўгіх выходных, дзяржаўных святаў ці пераносу дзён адпачынку.

РАУС – не рэжымная ўстанова

Яшчэ адзін момант: суд праходзіў у вячэрні час і пасля 22 гадзінаў у будынку РАУС.

«Суддзя выйшла на працу ў свае выходныя, але чаму затрыманых не даставілі ў суд? Судовае паседжанне адкрытае, аднак нікога на яго не пусцілі, бо, па словах супрацоўнікаў, праходзіла ў рэжымнай установе. Але РАУС – не рэжымная ўстанова! Гэта месца грамадскае. Наколькі я памятаю, усе папярэднія суды ў РАУС таксама былі паказальнымі, але яны былі рэальна адкрытымі. Мала таго, што суд 30 студзеня зачынілі праз "рэжымнасць", яго яшчэ праводзілі ў начны час і ў выходны дзень», – выказалася Траццякова.

Нават штрафы – па максімуму

На думку праваабаронцы, у Віцебску такога яшчэ не было ніколі, калі б па ч.1 арт.23.34 давалі адразу 15 сутак. Усе затрыманыя былі пакараныя па максімуму.

«Нават чацвёра аштрафаваных атрымалі найвялікшыя штрафы, прадугледжаныя першай і трэцяй часткамі. Суд не ўлічыў, што гэта маці, якія маюць няпоўнагадовых дзяцей. Я думаю, што толькі закон не дазволіў суддзі адправіць жанчын на 15 сутак», – кажа праваабаронца.

Ірына Траццякова таксама распавяла, што ў межах гэткай жа «зачысткі» ў Менску многіх грамадзянаў, затрыманых па першай частцы артыкулу, таксама асудзілі на 15 сутак. У сталіцы было затрымала блізу 300 чалавек.

С. Горкі