20.06.2024 Тэгі: праваабаронцы, заявы, спецвытворчасць Асобы: Леанід Судаленка Заява Праваабарончага цэнтра "Вясна"
20 чэрвеня 2024 г.
17 чэрвеня 2024 года судом Гомельскай вобласці вынесены завочны прысуд у дачыненні да праваабаронцы “Вясны”, былога палітвязня Леаніда Судаленкі. Па частках 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса па абвінавачанні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, у тым ліку паўторна, праваабаронцу прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў ва ўмовах строгага рэжыму і штрафу памерам у 26 000 беларускіх рублёў (каля 7 700 еўра). У сувязі з гэтым мы, сябры ПЦ “Вясна”, заяўляем наступнае:
Леанід Судаленка – лаўрэат прэстыжных міжнародных прэмій, якімі адзначаны яго праваабарончая дзейнасць: прэмія Французскай Рэспублікі за ўнёсак у абарону правоў чалавека “Свабода-Роўнасць-Братэрства”, прэмія Homo homini за 2020 год, якая прысуджаецца чэшскай НДА Človek v tísni, "За абарону правоў чалавека-2021" Рады адвакатаў і юрыдычных супольнасцяў Еўропы (CCBE). Дзейнасць Леаніда Судаленкі, у тым ліку выступленні ў абарону правоў і свабод на публічных пляцоўках і ў беларускіх незалежных медыя, адвольна прызнаных уладамі Беларусі экстрэмісцкімі фарміраваннямі, з'яўляецца цалкам легальнай. Яна павінна заахвочвацца і абараняцца як усялякая легітымная дзейнасць па абароне і прасоўванні правоў чалавека.
Як і раней, мы звязваем гэтыя крокі з публічным асуджэннем Леанідам Судаленкам рэпрэсіўнай палітыкі беларускіх уладаў у дачыненні да палітычных апанентаў і іншадумцаў, выступамі ў падтрымку палітвязняў, жорсткай крытыкай парушэнняў прынцыпу вяршэнства права.
Таксама мы з абурэннем адзначаем, што адвольны завочны пераслед за правамерную дзейнасць у абарону правоў чалавека становіцца сістэмай: распачатая спецыяльная вытворчасць у дачыненні да Алены Маслюковай, Ігара Казмерчака, іншых праваабаронцаў.
Заганнасць такой практыкі пагаршаецца поўным адмаўленнем уладамі Беларусі працэсуальных гарантый і асноўных прынцыпаў справядлівага правасуддзя пры ажыццяўленні пераследу ў парадку спецыяльнай вытворчасці. Гэта надае асуджэнню рысы расправы, якая здзяйсняецца ад імя дзяржавы.
У адпаведнасці з артыкулам 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны мае права пры разглядзе любога крымінальнага абвінавачання, якое прад'яўляецца яму, на справядлівы і публічны разгляд справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом, створаным на падставе закона. Кожны мае права пры разглядзе любога прад'яўленага яму крымінальнага абвінавачання на мінімальныя пералічаныя ў артыкуле гарантыі, у тым ліку быць у тэрміновым парадку і падрабязна апавешчаным аб характары і падставе прад'яўленага яму крымінальнага абвінавачання; мець магчымасці для падрыхтоўкі сваёй абароны, мець выбранага ім самім, або прызначанага яму абаронцы, мець зносіны з выбраным ім самім абаронцам; кожны, хто асуджаны за якое-небудзь злачынства, мае права на тое, каб яго асуджэнне і прысуд былі перагледжаны вышэйстаячай судовай інстанцыяй.
У парушэнне гэтых гарантый у заканадаўстве Рэспублікі Беларусь адсутнічаюць эфектыўныя спосабы рэалізацыі правоў пры спецыяльнай вытворчасці. У прыватнасці, да гэтага часу ў абвінавачаных няма дакладных звестак аб змесце прад'яўленых абвінавачанняў, фармальна прызначаныя органамі следства абаронцы ім невядомыя або адмаўляюцца кантактаваць для кансультацый і абмеркавання прававой пазіцыі. Абвінавачаныя пасля абвяшчэння прысуду не маюць працэсуальнай магчымасці атрымаць прысуд і азнаёміцца з пратаколам судовага паседжання. Гэта перашкаджае складанню і падачы абгрунтаванай скаргі аб пераглядзе прысуду.
Апроч іншага, такая ганебная практыка залучае ў самавольства, якое здзяйсняецца дзяржавай і яе інстытутамі, беларускіх адвакатаў, якія пад пагрозай адвольнага адхілення ад прафесіі, крымінальнага пераследу за разгалошванне дадзеных папярэдняга расследавання становяцца фактычна саўдзельнікамі беззаконня.
Мы нагадваем аб непазбежнасці адказнасці вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасці, якія здзяйсняюцца ў Беларусі супраць мірнага насельніцтва, у тым ліку наўмыснага і сур'ёзнага пазбаўлення асноўных правоў насуперак міжнароднаму праву па прыкмеце прыналежнасці да той ці іншай групы ці супольнасці – злачынствы супраць чалавечнасці ў форме пераследу разам з іншымі спадарожнымі дзеяннямі, як гэта ўстаноўлена ў дакладзе Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека "Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх".
Мы патрабуем:
- адмяніць прысуд і спыніць крымінальны пераслед праваабаронцы Леаніда Судаленкі;
- спыніць крымінальны пераслед праваабаронцаў за рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў і дзейнасць у абарону правоў і свабод;
- прывесці антыэкстрэмісцкае і крымінальна-працэсуальнае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі ў галіне правоў чалавека.