21.06.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, пераслед, затрыманні, спецвытворчасць У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 21 чэрвеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітвязню Аляксандру Гашнікаву узмацнілі пакаранне
У судзе Наваполацка 28 траўня разгледзелі справу аб узмацненні палітвязню рэжыма ўтрымання. Па рашэнні суддзі Віталя Лапко Аляксандра перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.
Нагадаем, Аляксандр — супрацоўнік Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне. Яго затрымалі 18 верасня 2021 года па справе "Рабочага руху". У Гомельскім абласным судзе 17 лютага 2023 года суддзя Аляксандр Піскуноў прызнаў Аляксандра вінаватым паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) і прызначыў яму 14 гадоў зняволення. Палітвязень адбывае свой тэрмін у наваполацкай калоніі № 1.
За ўдзел у акцыі пратэсту затрыманы жыхар Мінска Глеб Нікановіч
Праўладныя тэлеграм-каналы абвінавацілі яго і ў «каардынацыі пратэстаў» — ён пакідаў каментары з месцазнаходжаннем міліцыянтаў у горадзе.
Сілавікі таксама напісалі пра «нетрадыцыйнасць яго палітычнай арыентацыі» — за татуіроўку акцёра Білі Хэрынгтана.
Крымінальныя справы ў парадку «спецвытворчасці» распачаты ў дачыненні да 108 чалавек
Пра гэта журналістам заявіў старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гара.
Паводле яго, «гэтых асоб выяўляюць на сістэмнай аснове і збіраюць доказы іх віны». У тым ліку, выяўляюць іх маёмасць з мэтай далейшай канфіскацыі і звароту ў даход дзяржавы ў якасці кампенсацыі нанесенай шкоды. Па большасці крымінальных спраў, дадаў Гара, накладаецца арышт на маёмасць асоб, якія прыцягваюцца ў якасці абвінавачаных.
«Гэта і кватэры, і дамы, і ўчасткі, і дарагія аўтамабілі. Шмат маёмасці, якая павінна быць па рашэнні суда звернута ў даход дзяржавы».
Палітвязня Руслана Волкава будуць судзіць за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі"
Стала вядома, што 1 ліпеня ў Наваполацку адбудзецца над Русланам паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Справу будзе разглядаць суддзя Віталь Лапко.
Руслана затрымалі 4 чэрвеня 2021 года ў Іўеўскім раёне пры спробе перасекчы беларуска-літоўскую мяжу, каб перабрацца ў Еўрасаюз. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў "масавых беспарадках" (арт. 293 КК) у Брэсце ў жніўні 2020 года.
8 лістапада 2021 года ў судзе Ленінскага раёна Брэста Руслану прызначылі 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Тэрмін палітвязень адбывае ў наваполацкай калоніі № 1.
Крыніца: Затрыманне, спецвытворчасць, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 21 чэрвеня