15 студзеня 2020 года пастановай суду Чыгуначнага раёну Віцебску Алег Паўлаў быў прызнаны вінаватым у парушэнні ўстаноўленага парадку правядзення пікетавання і таму падвергнуты адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе штрафа ў памеры 675 рублёў. Цяпер грамадзянскі актывіст дамагаецца праз КПЧ, каб на міжнародным узроўні было прызнанае парушаным ягонае права на свабоду слова і на ўдзел у мірных сходах.

Праваабаронца Павел Левінаў 7 кастрычніка звярнуўся ў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь з заявай аб абвяшчэнні ў вышук асуджанага да вышэйшай меры пакарання Віктара Паўлава. Па даверанасці блізкай сваячкі, праваабаронца абараняе інтарэсы асуджанага да расстрэлу ў Камітэце ААН па правах чалавека. Павел Левінаў мяркуе, што прысуджаны да расстрэлу мог знікнуць без вестак.

26 жніўня 2021 Камітэтам ААН па правах чалавека пад нумарам 4000/2021 была зарэгістраваная скарга Наталлі Трошчанкі. Грамадзянская актывістка мяркуе, што беларуская дзяржава парушыла яе правы на свабоду слова і мірныя сходы.

У жніўні 2021 году сябра праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» (БХК) Ірына Траццякова накіравала індывідуальнае паведамленне ў Камітэт ААН па правах чалавека. Яна лічыць, што беларуская дзяржава парушыла яе правы на свабоду слова і мірныя сходы, а таксама права на справядлівы разбор яе справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом.

Актывістка партыі «Народная Грамада» з Дуброўна Наталля Стрэльчанка атрымала афіцыйны ліст з камітэту ААН па правах чалавека. Яе індывідуальная скарга зарэгістраваная пад нумарам 3946/2021. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 году яна вылучалася ў межах стратэгіі «30 кандыдатаў пратэсту». Але яе ініцыятыўная група, як і групы Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага ды іншых кандыдатаў, не была зарэгістраваная выбарчай камісіяй.