Журналіст-фрылансер з Паставаў Зміцер Лупач аспрэчваў прысуд раённага суду ад 22 снежня. Паводле судовай пастановы па артыкуле 22.9 КаАП журналіст быў аштрафаваны на 47 базавых велічыняў (1269 рублёў). Суд прызнаў Лупача вінаватым у тым, што без акрэдытацыі ў якасці журналіста замежнага СМІ ён узяў інтэрв’ю у двух жыхароў вёскі Дразды Пастаўскага раёну. Пазней відэасюжэт быў размешчаны на ютуб-канале «Белсату», што, на погляд суду, з’яўляецца незаконным вырабам прадукцыі СМІ.
У сваёй скарзе журналіст спасылаўся на парушэнне судом Канстытуцыі, міжнародных прававых нормаў. Пераконваў, што суд не падаў неабвержных доказаў яго віны. Прасіў адмяніць пастанову, а справу спыніць праз адсутнасць у ягоных дзеяннях складу правапарушэння.
У судзе Лупач скаргу падтрымаў і заявіў, што ютуб-канал не з’яўляецца СМІ. Адзначыў, што ў справе ёсць памылкі. Сцвярджаў, што відэасюжэт быў адзняты не 7 снежня, як пераконвалі сведкі, а 30 лістапада.
Суддзя Святлана Іванова аргументы, выказаныя Лупачам, пад увагу не ўзяла і падставаў для адмены рашэння Пастаўскага суду не знайшла. Пакінула пастанову без зменаў, а скаргу без задавальнення.
75-гадовага навапалачаніна Анатоля Куліка паводле ч.3 арт. 23.34 наваполацкі суд прызнаў вінаватым у несанкцыянаваных шэсцях і сваёй пастановай аштрафаваў на 50 базавых велічынь (1350 рублёў).
Разгляд скаргі Анатоля Куліка суддзя Святлана Іванова пачала з таго, што загадала прыбраць накінутую паўз плечы бел-чырвона-белую палярыну. Навапалачанін спачатку адмовіўся выканаць загад суддзі, але пасля замяніў бчб-палярыну на чорную, якую суддзя нібыта і не заўважыла. Гэткім чынам Анатоль Кулік спрабаваў звярнуць увагу суддзі на штучнасць і надуманасць абвінавачанняў з боку судоў і міліцыі.
Выкладаючы свае аргументы, Анатоль Кулік параўнаў паводзіны сілавых структураў у рэагаванні на бел-чырвона-белыя сімвалы з рэакцыяй быка на чырвоную анучу. Наваполацкі актывіст заклікаў суддзю не ўдзельнічаць у «гэтым вар’яцтве».
«Не ўдзельнічайце ў гэтым. Я вас прашу. Адыдзіце, станьце збоку. Усё, што цяпер робіцца ў судах не мае нічога блізкага да закону і паважлівага стаўлення да правоў чалавека», – выказаўся Кулік.
Не зважаючы на працяглыя тлумачэнні Куліка і выступ ягонага адваката, Святлана Іванова рашэнне суду Наваполацку не адмяніла, а скаргу не задаволіла.
Не задаволіла Святлана Іванова і скаргу Наталлі Цітовай. Паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП суд г. Наваполацку аштрафаваў грамадзянку на 20 базавых, прызнаўшы яе вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным вулічным шэсці.
Суддзя Ірына Смалякова адмовілася задаволіць скаргу Таццяны Міхайлавай. 8 студзеня суд Наваполацку за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці паводле арт. 23.34 КаАП асудзіў Міхайлаву на тры базавыя велічыні.
Таксама суддзя Смалякова пакінула без задавальнення скаргу віцяблянкі Алены Куставай. 23 снежня суд Першамайскага раёну аштрафаваў жанчыну на тры і пяць базавых паводле арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і арт. 23.4 (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніка МУС).
С. Горкі