Панядзелак, 24 Чэрвень 2024

Аляксей Талай выступіў на аршанскім «Легмашы», куды нядаўна прыязжаў Лукашэнка

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Аляксей Талай Аляксей Талай

Пра яго, безумоўна, таксама гаварылася на сустрэчы. Ураджэнец Оршы Аляксей Талай запэўніваў прысутных, наколькі шмат кіраўнік дзяржавы зрабіў для развіцця рэгіёна. Распавядаў ён і пра сваю сустрэчу з Уладзімірам Пуціным, які ўзнагародзіў праўладнага актывіста «Ордэнам Дружбы» за тое, што ён праводзіў «матывацыйныя сустрэчы і трэнінгі» у расейскіх вайсковых частках, якія ваююць ва Ўкраіне. Распавядаў Талай і пра свой фонд,  па арганізацыі паездак у Беларусь для «дзяцей Данбаса».

Дзейнасць ураджэнца Оршы, паралімпійца і матывацыйнага трэнера Аляксея Талая па незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з часова акупаванай тэрыторыі Украіны расследуецца паводле двух першых частак артыкулу 438 Крымінальнага кодэкса Украіны — парушэнне законаў і звычаяў вайны. Справу завялі 21 сакавіка 2022 г., Талаю пагражае да  15 гадоў турмы або нават пажыццёвае зняволенне.

Аляксей Талай – матывацыйны трэнер і вядомы параалімпіец: ва ўсзросце 16 гадоў ён страціў рукі і ногі ў выніку выбуху міны часоў Вялікай Айчыннай вайны. Паводле афіцыйнай версіі здарэння, 8 траўня 1999 г. хлопцы развялі вогнішча «на тым месцы, дзе больш за паўстагоддзя ляжала міна».  Пра тое, як насуперак жыццёвым акалічнасцям ён не толькі выжыў, але і дасягнуў пэўных вышынь, Аляксей Талай часта расказвае на разнастайных сустрэчах.

Пасля ўварвання расейскіх войскаў ва Ўкраіну ён заняў адкрытую прарасейскую пазіцыю, пачаў ладзіць паездкі украінскіх дзяцей у Беларусь «на аздараўленне». Падчас такіх паездак для ўкраінскіх дзяцей ладзяцца ідэалагічныя мерапрыемствы, дзе ўслаўляецца Расея і яе вайскоўцы. На «Легмашы» Талай таксама расказваў пра дзейнасць свайго фонду, пра «дзяцей Данбаса», а таксама пра патрыятызм, Вялікую Айчыную вайну, нацыянальныя традыцыі – гаварыў на ўсе тэмы, актуальныя для цяперашняй беларускай прапаганды.

Паводле «Аршанскай газеты», у работнікаў «Легмаша» было шмат пытанняў да госця, але выданне не канкрэтызуе ні што гэта былі за пытанні, ні якія на іх гучалі адказы.

З артыкула ў «Аршанцы» не зразумела таксама, чаму менавіта   завод «Легмаш» стаў месцам сустрэчы з Аляксеем Талаем. 28 траўня на прадпрыемства прыязжаў Аляксандр Лукашэнка. Гэта прадпрыемства задзейнічана ў галіне вайсковай прамысловасці: сярод асартыменту прадукцыі, якую дэманстравалі Лукашэнку, былі тармазныя колцы для расійскага РСЗА «Град» і карпусы для артылерыйскіх снарадаў.

Ірына Пугачова