Пятніца, 05 Люты 2021

Інжынера Ніну Скрыпец, аштрафаваную па «справе13-ці», звальняюць з заводу «Візас»

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Ніна Скрыпец. Фота з сямейнага архіву Ніна Скрыпец. Фота з сямейнага архіву

4 лютага інжынер па выпрабаваннях заводу «Візас» і маці дваіх дзяцей Ніна Скрыпец атрымала з працы апавяшчэнне аб звальненні «праз скарачэнне штату». Скрыпец – адна з затрыманых і пакараных вялікім штрафам у «справе трынаццаці». Суд адбыўся 30 студзеня, а загад аб звальненні падпісаны 1 лютага. Гэткае супадзенне жанчына лічыць невыпадковым.

Тры дні да суду пасля затрымання Ніна Скрыпец правяла ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ). Як пасля распавялі яе калегі, у гэты час на завод да галоўнага інжынера прыходзіў прадстаўнік КДБ. Цікавіўся спадарыняй Нінай і, відаць, «параіў» прыбраць інжынера Ніну Скрыпец з займанай пасады.

«Яшчэ і ў сераду, 3-га лютага, «камітэтчык» прыходзіў. Мне ў кулуарах сказалі, што ёсць загад звольніць мяне з заводу», – кажа Ніна Скрыпец.

Паводле жанчыны, да гэтага яна і так працавала ўсяго па 48 хвілін у дзень – 4 дні на тыдзень. На заводзе вельмі складанае эканамічнае становішча, фонд заработнай платы скарачаецца, але кіраўніцтва прытрымліваецца загаду Лукашэнкі пазбягаць масавага звальнення працоўных.

«Нягледзячы на мізэрны працоўны дзень, мая пасада там неабходная, яна ёсць у штаце, без яе немагчыма праводзіць выпрабаванне станкоў, кантроль і прыняцце станкоў да эксплуатацыі», – распавяла звольнены інжынер.

Ніна тлумачыць, што, не зважаючы на маленькі заробак, працягвала працаваць, бо не хацела лічыцца «дармаедкай». Да таго ж трэба апекавацца дзецьмі. Пры звальненні прапаноўвалі папрацаваць да 25-га траўня тэхнікам, пакуль не выйдзе з дэкрэтнага адпачынку іншая жанчына.

«То бок бяруць кантралёрам, але гэта ўжо паніжэнне пасады і заробку. Да таго ж у гэтым выпадку я трапляю ў наўпроставае службовае падпарадкаванне да свайго мужа – начальніка АТК, што забаронена», – тлумачыць Ніна.

Скрыпец лічыць, што яе звальненне ёсць прыхаваным пераследам за яе палітычныя погляды і актыўную грамадзянскую пазіцыю.

«Звальняцца, канечне, непрыемна. Але сказаць, што я вельмі засмуцілася, – не! Усе мы ведаем, у якой краіне жывём. Непрыемна ад цынічнасці выканаўцаў. Калі мяне затрымалі, то запалохвалі, што звольняць, пазбавяць інтэрнату, забяруць дзяцей…» – распавядае Скрыпец.

Ніна Скрыпец кажа, што завод «Візас» па-ранейшаму выпускае запатрабаваную прадукцыю, нават на тых абгрызках вытворчасці, якія захаваліся. Аднак існуюць вялікія праблемы з запазычанасцю.

«Нашыя «моцныя гаспадарнікі» завод загубілі. Для сённяшняга кіраўніцтва галоўнае – пераседзець, абы не пасадзілі. Неяк боўтаемся, але ў кіраўніцтва няма зацікаўленасці, таму працоўных не цэняць. Завод тупа дабіваюць. Некаму гэта выгадна», – выказвае занепакоенасць жанчына.

Неўзабаве пасля размовы Ніна Скрыпец паведаміла па тэлефоне, што да яе ў дзверы грукаюцца супрацоўнікі міліцыі, каб даставіць у РАУС. Як стала вядома пазней, яе і яшчэ адну «фігурантку» справы 13-ці Алену Жыхарскую даставілі у аддзяленні міліцыі, дзе адбылася размова (дэталі пакуль невядомыя). Абедзве жанчыны цяпер на свабодзе.

С. Горкі