20 снежня 2022 года справу разгледзеў суддзя Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці Сасноўскі Зміцер. Палітвязень быў асуджаны на 2,5 гады па арт. 188 (Паклёп) Крымінальнага кодэкса. І на падставе прыгавору суда, які ўступіў у законную сілу 14 красавіка 2023 года, Іваноў быў уключаны ў спіс датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.
Спачатку Пятра Яўстаф'евіча абвінавачвалі ў тым, што ён незаконна перасек беларуска-расейскую мяжу, пасля таго як вярнуўся ў Віцебск, са Смаленскай вобласці, куды ён па рашэнні выдвараны беларускімі ўладамі.
Падчас следства, абвінавачанне было дапоўнена артыкулам 188 (Паклёп) КК РБ. Па версіі следства, Іваноў у сваіх скаргах публічна бяздоказна абвінаваціў супрацоўнікаў віцебскага СІЗА, якія нібыта здзейснілі ў дачыненні да яго цяжкія службовыя злачынствы.
Амбасада Расіі, куды ён чатыры разы звяртаўся па консульскую и прававую дапамогу, кінула расіяніна на водкуп беларускім уладам. Работнік пасольства толькі адзін раз наведаў 64-гадовага Іванова, 15 чэрвеня 2022 года, калі той знаходзіўся ў СІЗА. Цяпер Іваноў, у мінулым марскі афіцэр, сябр партыі "Адзіная Расія" адбывае пакаранне ў Магілёве. У 2014 годзе ў Віцебску сумесна з адстаўнымі вайскоўцамі заснаваў і спрабаваў зарэгістраваць міжнародную грамадскую арганізацыю "За сумленную ўладу".
Асуджаны неаднаразова звяртаўся за абаронай і заступніцтвам да амбасадара РФ у Беларусі Барыса Грызлова з заявамі аб «выдзяленні на тэрыторыі Расіі жылля мне і маім сваякам, падвергнутых антырасейскімі неанацыстамі ў РБ тэрору і рабаванню». Пасля чацвёртага звароту, трэці сакратар расійскага пасольства Максімаў паведаміў Іванову, што перапіска з ім, па пытаннях абароны ад самавольства беларускіх улад, спынена.
У цяперашні час Іваноў адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў магілёўскай папраўчай калоніі №15.
Вольга Апіна