Жыхара Віцебску асудзілі да 4,5 гадоў калоніі за распаўсюд асабістых дадзеных сілавікоў і «масавыя беспарадкі»
У Віцебскім абласным судзе да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі віцябляніна Паўла Нікіценку. У закрытым працэсе суддзя Яўген Буруноў разбіраў справу 35-гадовага супрацоўніка разліковага цэнтру, абвінавачанага адразу па 6-ці артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 203-1 (парушэнне таямніцы перапіскі, тэлефонных перамоваў, тэлеграфных ці іншых паведамленняў), ч. 3 арт. 293 (навучанне і іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках), арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 361-1 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем), арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).
Палітвязня Паўла Вінаградава перавялі ў аршанскую калонію, дзе ўтрымліваюць хворых на сухоты
Жыхар пасёлка Беразіно Менскай вобласці, блогер і актывіст Павел Вінаградаў быў асуджаны да 5-ці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. На пачатку ліпеня 2022 г.яго этапавалі ў ваўкавыскую ПК № 11, але неўзабаве ў палітвязня на рэнтгене знайшлі пляму ў лёгкіх. Ён прайшоў курс антыбіётыкаў, але гэта не прынесла плёну. 28 ліпеня 2022 г. Вінаградава перавялі ў аршанскую калонію № 12, так званую «сухотную». Паводле інфармацыі ад тых, каго там утрымлівалі, умовы ў гэтай калоніі небяспечныя для здароўя.
Працягваецца ціск на палітвязняў з боку адміністрацый калоній
Працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да жыхароў Віцебскай вобласці, якія актыўна выказвалі сваю пазіцыю пад час пратэстаў 2020-2021 гадоў. Асабліва цяжка даводзіцца тым грамадзянскім актывістам, якія знаходзяцца ў месцах адбыцця пакарання.