17.04.2025 Тэгі: палітвязні, умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма, гісторыі вязняў Антона (імя зменена ў мэтах бяспекі) затрымалі летам 2022 года наўпрост на працы. Падставай стала яго актыўнасць у інтэрнэце. Ужо пасля затрымання сілавікі знайшлі ў тэлефоне мужчыны фотаздымкі расійскай вайсковай тэхнікі, якія ён дасылаў у тэлеграм-канал, прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем. За гэта яму прысудзілі два з паловай гады пазбаўлення волі. Напрыканцы 2024 года ён цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю. Але на гэтым пераслед Антона не скончыўся: неўзабаве яго зноў затрымалі паводле адміністрацыйнай справы. У выніку мужчына быў вымушаны разам з сям'ёй з'ехаць з краіны. Былы палітвязень распавёў "Вясне" пра ўмовы ўтрымання ў івацэвіцкай калоніі № 22, пра выраб скрыняў для расійскай зброі і вайсковай формы РФ, пра цяжкі стан здароўя Вячаслава Арэшкі, а таксама параўнаў умовы для адміністрацыйных арыштантаў у ІЧУ аднаго з рэгіянальных гарадоў. 

ПК № 22 «Воўчыя норы»
ПК № 22 «Воўчыя норы»

"У адрозненні ад іншых, можна сказаць, што мяне не білі"

Антон быў затрыманы на працы напачатку лета 2022 года. У РАУСе падчас допыта сілавікі пагражалі яму забраць дзіцё і затрымаць жонку.

"Ну і, як звычайна, супрацоўнікі РАУСа пачалі з допыту. Можна сказаць, што "пагладзілі" крыху. Ну і, канешне, яны любяць пагражаць адразу сям'ёй. Зразумела, што як чалавек, які першы раз трапіў у такую сістэму, як бацька і муж, быў вымушаны пайсці на кантакт. Яны казалі, што ведаюць пра мой удзел у пратэстах, што забяруць дзіцё".

Апроч таго, супраць мужчыны сілавікі ўжывалі фізічную сілу.

"Крыху далі па прэсу, падпатыльніка трохі. Але ў адрозненні ад іншых, можна сказаць, што мяне не білі. Збольшага гэта быў псіхалагічны ціск. Крычалі: "Табе здрада дзяржаве, шпіянаж, паедзеш на дванашку, жонку тваю пасадзім".

У выніку даў ім пароль. Але папярэдне, відавочна, пачысціў усё, што змог, але яны неяк аднавілі. А як пачалася вайна, я жыў непадалёк ад месца, дзе часта ляталі самалёты. На іх было напісана, што расійскія. І ў тэлефоне былі іх фоткі. Я іх паскідваў у чат-бот аднаго канала. Там і перад вайной актыўнасць была і пасля пачатку. Але гэтыя фоткі так фактычна нікуды і не пайшлі далей. Але іх знайшлі, калі мяне ўзялі".

Спачатку Антона арыштавалі на 10 сутак паводле адміністрацыйнага пратакола. Але ўжо на шосты дзень яму прад'явілі абвінавачванні паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Да суда мужчыну ўтрымлівалі ў брэсцкім СІЗА-7.

"Няма пячэнькі ў вопісу, але ў торбе ёсць — рапарт і ў ШІЗА"

Да разгляду крымінальнай справы ў судзе Антона чатыры месяцы ўтрымлівалі ў Брэсце. Пасля суда былога палітвязня перавялі ў івацэвіцкую калонію № 22.

"Там пазбаўляюць усяго таксама за ўсялякую фігню. Няма пячэнькі ў вопісу, але ў торбе ёсць — рапарт і ў ШІЗА або пазбаўленне доўгатэрміновых спатканняў і перадач. Яны такое любяць.

Ёсць у калоніі тыя, хто здаюць людзей адміністрацыі за сігарэты. У іх з адміністрацыяй дамоўленасці: яны распавядаюць, што адбываецца ў атрадах, а "мы вас не чапаем". 

Антону ў зняволенні прапанавалі напісаць прашэнне аб памілаванні за два месяцы да вызвалення. Тады ў калонію прыехаў пракурор, выклікалі 15 палітвязняў, з якіх толькі двое напісалі на памілаванне, кажа мужчына. За адмову пісаць прашэнне Антону не выпісвалі спагнанне. Але пазней ён даведаўся, што некаторым за адмову пагражалі дадаць тэрмін зняволення па новай крымінальнай справе.

"З гэтага года ўжо нельга навучацца ў ПТВ"

Рэжым Лукашэнкі шмат гадоў выкарыстоўвае практыку дадатковага ціску на палітвязняў у калоніі. Адным з іх з'яўляецца статус "злоснага парушальніка рэжыму", які накладае дадатковыя абмежаванні. У івацэвіцкай калоніі гэты статус таксама прызначаюць палітвязням.

"Навучанне забаранілі тым, у каго прафулік экстрэмісцкі. З гэтага года ўжо нельга навучацца ў ПТВ (прафесійна-тэхнічная вучэльня). Раней забаранілі ва ўсіх астатніх калоніях, а ў нас толькі цяпер.

Напачатку 2024 года прыехала нейкая чарговая праверка. Пабачылі, што палітычныя хадзілі на двое сутак на спатканне. Ну і ўсё, пачалося: "А чаго ў вас не так шмат злоснікаў?" Напэўна «па ўказцы» адразу некалькіх імі зрабілі. Каго ў ШІЗА хутка адправілі, каго так проста. 

Цікава, што калі такія палкоўнікі і падпалкоўнікі прыязджаюць нібыта правяраць, яны любяць па торбах менавіта прафуліку шманаць. Яны па тваіх майтках і шкарпэтках лазяць і складаюць рапарты за лішнюю шкарпэтку, майткі ці паперу туалетную. У асноўным за гэта проста пазбаўляюць чагосьці, але калі няма чаго ўжо, то тады ў ШІЗА адпраўляюць".

"Самы звычайны ціск". Як і для чаго палітвязняў у калоніях робяць "злоснікамі"

"Вясна" распавядае, як у зняволенні надаюць статус "злоснага парушальніка рэжыму" і якія наступствы гэта мае для вязня, былыя палітзняволеныя дзеляцца ўласным досведам і тлумачаць, чаму статус "злосніка" можна лічыць ціскам, а юрысты каментуюць гэтую заганную практыку.

Выраб скрыняў для снарадаў сістэмы «Град»

Па словах Антона, усіх па прыбыцці адразу адпраўляюць на "нізка-кваліфікаваную працу", дзе палітзняволеныя абкручваюць і абпальваюць правады ад Белтэлекома. Таксама палітвязні робяць скрыні для снарадаў сістэмы «Град» — рэактыўная сістэма залпавага агню, якая выкарыстоўваецца арміяй РФ у вайне супраць Украіны.

На "швейцы" вырабляюць целагрэйкі, касцюмы, шапкі, майткі. Але, як узгадвае былы палітвязень, былі заказы і на вайсковую форму для Расіі.

"Бывала, што прышывалі цэтлікі з надпісам ДП-5 (дзяржаўнае прадпрыемства). Потым, казалі, што іх зразалі і прышывалі новыя, нібыта нейкая гродзенская фірма шые. Бо заказчык "Лагатэкс", мо пабаяліся санкцый. Але там няшмат іх было, мо камплектаў 300 за той час, пакуль я там быў".

 "Лякуюць там зразумела як — вырываюць зуб і ўсё"

Паводле былога палітвязня, лекаванне ў "Воўчых норах" стандартнае: часам даюць звычайныя лекі, але атрымаць якасную медыцынскую дапамогу амаль немагчыма.

"Збольшага, нейкія таблеткі там даюць. І пры тэмпературы. Але самае асноўнае — што амаль ніколі не даюць бальнічны рэжым, а калі і даюць, то без пасцельнага рэжыму. "Медперсанал" сам кажа, што скончыліся бальнічныя.

Але калі ты атрымаў траўму і скажаш, што на прамзоне, то няважна, якая ў цябе бірка (жоўтая ці белая), — адразу даюць бальнічны.

Да стаматолага я там не хадзіў, бо баяўся. Гэта адно з месцаў, дзе можна падхапіць ВІЧ і гепатыт. Лякуюць там зразумела як — вырываюць зуб і ўсё".

"Не бачыць на адлегласці рукі" — пра палітвязня Вячаслава Арэшку 

Актывіст прафсаюза РЭП Вацлаў Арэшка
Актывіст прафсаюза РЭП Вацлаў Арэшка

Антон узгадаў некалькіх палітвязняў, з якімі камунікаваў у калоніі. Адным з іх быў беларускі палітолаг і грамадскі дзеяч, актывіст прафсаюза РЭП 70-гадовы Вацлаў Арэшка.

"Ён спрабаваў атрымаць інваліднасць па зроку, бо фактычна не бачыць на адлегласці рукі. Але, відавочна, ніхто не зрабіў.

Гэта як у мяне было. Пачаліся праблемы з тазасцегнавым суставам. Прыязджалі лекары, яны сказалі, што трэба рабіць здымак. На гэтым усё і скончылася. Пасля вызвалення зрабіў здымак, і сказалі, што дысплазія. Але ўсім там на гэта пляваць.

Там толькі калі ўжо будзеш паміраць, то тады так, могуць адправіць у гэту новую бальніцу, што ў Калядзічах пабудавалі".

"Лебядка адправілі на шэсць месяцаў у ПКТ і круцілі на 411 артыкул"

Таксама да нядаўняга часу ў ПК-22 адбываў тэрмін вайсковы аналітык Ягор Лебядок, з якім быў знаёмы Антон. У снежні 2024 года Ягору замянілі рэжым утрымання на турэмны і перавялі з калоніі ў турму. Яго месцазнаходжанне пакуль невядомае.

"Па апошняй інфармацыі, да майго вызвалення, яго адправілі на шэсць месяцаў у ПКТ і круцілі на 411 артыкул. Лебядок вельмі юрыдычна падкаваны, яго складана ім патапіць. Бо, як даходзіла інфармацыя з ШІЗА ад людзей, якія з ім сядзелі, што прыходзіць да яго Пірог (супрацоўнік ПК-22), дае анучу і кажа: "Ідзі, мой". Увогуле ў калоніі гэта праца тых, хто мае "нізкі сацыяльны статус". Гэта робіцца спецыяльна, каб прынізіць, а калі адмаўляешся выконваць наказ, табе адразу пішуць спагнанне. Але ён прыгожа з гэтага сыходзіў. Як мне перадавалі, ён казаў: "Я не адмаўляюся выконваць, але я буду выконваць іншую працу, якая не будзе шкодзіць майму гонару і сацыяльнаму статусу".

"Яму неяк "мойку" падкінулі"

Антон узгадаў, што журналісту і тэлевядоўцу, які раней займаў пасаду ў частцы "прэзідэнцкага пулу" тэлеканала АНТ Дзмітрыю Семчанку прапаноўвалі здымацца ў прапагандысцкім фільме: 

"Семчанку некалькі разоў пакаталі ў "ШІЗА". Яму неяк "мойку" (лязо) падкінулі. Яму прапаноўвалі даць інтэрв'ю прапагандыстам. Але, на колькі ведаю, прыязджалі і здымалі іншага, у якога сетка турыстычнага бізнэсу па Беларусі (гаворка пра Аляксандра Мірскага)".

"Ну вы ж разумееце, электаральная кампанія…"

Пасля вызвалення да былога палітвязня кожныя выходныя прыязджалі супрацоўнікі міліцыі з праверкай. Пры гэтым за Антонам не ўстанаўлівалі прэвентыўны нагляд. Перад прэзідэнцкімі выбарамі, якія прайшлі 26 лютага, сілавікі прыязджалі да мужчыны нават позна ўвечары. Яны зайшлі ноччу на тэрыторыю прыватнага дома і свяцілі ліхтарыкамі.

"Я ім кажу, што я не пад наглядам, якая можа быць праверка. А яны мне: "Ну вы ж разумееце, электаральная кампанія"… І збеглі."

Праз тры тыдні пасля вызвалення Антона выклікалі ў міліцыю ў якасці сведкі, не патлумачыўшы ніякіх падрабязнасцяў.

"Там мне паказалі маю старонку ва "Укантакце". Мне прад'явілі падпіскі, якія яны прызналі экстрэмісцкімі. Хаця апошні раз я сядзеў там у дзень майго затрымання і апошні доступ быў у супрацоўнікаў, а тэлефон мой потым прадалі не выдаліўшы маю інфармацыю. Бо людзі, якія яго купілі, потым пісалі маёй жонцы і спрабавалі шантажаваць. Я ім пачаў тлумачыць, што нават на фота з падпіскамі, якое яны мне паказвалі, бачна, што я там даўно не сядзеў. Тым больш экстрэмісцкімі іх прызналі таксама тады, калі я сядзеў ужо. Я адразу спытаў, колькі за гэта зараз даюць: 10, 15 сутак? Яны пачалі казаць: "Да не, вы што, 20 базавых". Я сказаў, каб не распавядалі мне казкі. У выніку мне далі 20 сутак, але пазней знізілі да 15".

"Яны забралі цёплыя рэчы, нават цёплыя швэдары"

"ІЧУ, зразумела, гэта асобны від катаванняў: ніякіх перадач, спаць трэба на падлозе, шмат людзей — па 10-12 чалавек, бясконцыя пад'ёмы, шмоны, расцяжкі. І, калі параўноўваць "суткі" ў 2022-м і 2024-м, то цяпер нібы горш стала. У залежнасці ад змены супрацоўнікаў, камусьці нават майткі са шкарпэткамі не перадавалі. А потым прыйшоў начальнік і пазабіраў рушнікі, не ведаю, што было ў яго галаве. А гэта быў лістапад, было прахалодна, і яны забралі цёплыя рэчы, нават цёплыя швэдары. А мы спалі на падлозе, то мы тыя швэдары падсцілалі пад сябе, то яны, мабыць, таму і забралі. У 2024 годзе перакідавалі кожны дзень з хаты ў хату. У кайданках, зразумела, паўдні праводзіш. Начныя праверкі, спіш са светам, але гэта ўжо "стандарт" такі.



У 2022 годзе быў у нас у камеры чалавек, якому пасля аварыі рабілі трансплантацыю чэрапа. І ў яго не было таблетак, без якіх павышаецца ціск. У яго пачалося ванітаванне, кроў гэта адусюль… А потым пачаліся канвульсіі. Пакуль яго там вывелі, ён пасінеў. За ім прыехала хуткая дапамога, вывезлі, зрабілі ўкол і павярнулі назад".

"Толькі вызваліўся і назад у сістэму"

"Падчас апошніх сутак крыху паздзекаваліся. Але я ж звыклы ўжо. Толькі вызваліўся і назад у сістэму. Хлопцы, якія былі там першы раз, вось ім было там не салодка, бо гэта жорстка. Усе былі па палітыцы. Там цяпер і за "непадпарадкаванне" (арт. 24.3 КаАП) кідаюць. Нас у ІЧУ называлі "асобікі" — асобы рэжым.

Ну і калі, як чалавек, які ўжо сядзеў, пачынаеш ім "па законе" прасіць прад'явіць пералік рэчаў, якія я магу мець у камеры, яны, канешне, кажуць: "Так-так, зараз прынясем". Але на гэтым усё скончваецца".

"За*балі ўжо гэтыя бчбшнікі, забіваць вас трэба"

"У душ і на шпацыр не выводзілі. Шпацырам яны называлі тое, калі на нас надзявалі кайданкі і мы каля 30-40 хвілін сядзім ці ходзім ў іх па камеры, а потым у нас нібыта "праверка". Яна праходзіць днём прыкладна тры-чатыры разы. Пры гэтым яны любяць да абеда па тры разы прыходзіць. Пасля абеду даюць да пяці гадзінаў нармальна пасядзець, а потым каля шостай гадзіны надзяваюць кайданкі і а восьмай. У гэты час яны выводзяць нас на калідор падчас шмону, мы стаім на "расцяжках".

Калі толькі заходзіш у ІЧУ, кантралёры адразу пачынаюць: "Што вам, пальцы пераламаць? За*балі ўжо гэтыя бчбшнікі, забіваць вас трэба".

"Не трэба нікуды лезці, трэба зрабіць правільны выбар"

Пасля адбыцця сутак Антона выклікалі на назіральную камісію.

"Мне пазванілі і сказалі прыехаць ажно ў іншы сельсавет. Я спытаў, ці дакладна яны мне звоняць. Мне сказалі, што так і мне трэба прыехаць на камісію. Я спужаўся, не зразумеў. Прыехаў. А там сабраліся старшыні "калхозу" (сельсавета), нейкіх жанчын прывезлі, напэўна з райвыканкама, і яны ўсе пачалі вучыць мяне жыццю. Што не трэба нікуды лезці, што трэба зрабіць правільны выбар. Стаіш, ківаеш галавой.

А потым выклікалі ўжо ў райвыканкам сам. Там ужо было больш і міліцыянераў, і жанчын, і старшыня райвыканкаму. Ну і таксама ўсё ў гэтым стылі. Глядзі, нікуды не лезь".

Пасля сутак Антон разам з сям'ёй быў вымушаны з'ехаць за мяжу, цяпер яны знаходзяцца ў бяспецы.

Крыніца: "Калі параўноўваць суткі ў 2022-м і 2024-м, то цяпер горш стала", — былы палітвязень пра калонію і арышт пасля вызвалення