16.04.2025 Тэгі: адміністратыўны пераслед, умовы ўтрымання, свабода мірных сходаў Арыштны дом ПК-11 у Ваўкавыску пабудаваны ў 2008 годзе — гэта была першая спецыялізаваная ўстанова такога тыпу. Праўладнае выданне "Беларусь сегодня" пісала тады, што гэты двухпавярховы дом "пабудаваны з нуля ў адпаведнасці са строгімі міжнароднымі нормамі". У артыкуле адзначылі, што будынак, які размешчаны на тэрыторыі калоніі № 11 для рэцыдывістаў, нагадвае гатэль, а ўмовы ўтрымання можна назваць камфортнымі. Начальнік упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Гродзенскай вобласці Аляксандр Нічыпарук тады пералічыў кантынгент меркаваных арыштантаў: "браканьеры, неплацельшчыкі аліментаў, дробныя злодзеі, кіроўцы, якія ўчынілі нязначныя ДТЗ". Аднак падчас паслявыбарчых пратэстаў у жніўні 2020 года там утрымлівалі адміністрацыйна-асуджаных з Гродна. Адзін з іх распавёў "Вясне" пра выпадковае затрыманне ў Гродне, суд у кабінеце турмы, доўгі этап у Ваўкавыск і суткі ў арыштным доме.
"Білі ў асноўным ботамі"
Гродзенца (імя не называецца ў мэтах бяспекі) затрымалі 10 жніўня 2020 года — ён з сябрамі трапіў пад рэйд АМАПу па горадзе. Сілавікі затрымлівалі па горадзе патэнцыйных пратэстоўцаў, каб не даць ім сабрацца на мітынг. Пасля затрымання яго адвезлі ў РАУС Ленінскага раёна Гродна на вул. Дубко.
"Нас туды завезлі праз калідор ганьбы — з штурхялямі пад дупу. Білі ў асноўным ботамі. Пасля гэтага нас завялі ў вялікую актавую залу. Нас было там каля 100 чалавек. Перыядычна амапаўцы прывозілі туды, вось такіх, як я. Увечары супрацоўнікі РАУС пачалі лаяцца на іх, таму што гэтыя ўсе вазілі, а ўжо месцаў не было.
За сталом было тры супрацоўнікі РАУС па форме. Адзін з іх, напэўна, начальнік, вёў з залай усялякія гутаркі і гуляў з намі ў віктарыны, так бы мовіць. Напрыклад, трэба было назваць дзень, калі пачалася Другая Сусветная вайна — вось гэта вось усё. Калі хтосьці адказваў правільна, альбо яму падабаўся неяк, ён нібыта адпускаў. Хоць куды там іх адводзілі, насамрэч, невядома. У аднаго хлопца ў заплечніку знайшлі мясную сякерку. Яму пачалі прад'яўляць, што ён з гэтай сякеркай ішоў мянтоў забіваць. Яго вывелі з залы, а потым вярнулі. Наколькі я ведаю, яго дзесьці ў кабінетах або ў туалетах білі. Я потым быў з ім у адной камеры — ён распавядаў".
"Трашчалі шокерам каля вушэй"
Рэчы затрыманых збіралі ў адну агульную кучу. З затрыманымі правялі агульную выхаваўчую гутарку, а потым пачалі выклікаць па адным у кабінеты на допыты для складання пратаколаў. У іншым кабінеце ў затрыманых пыталіся, ці сапраўды яны ішлі на пратэсты.
"Па выніку гэтых усіх размоваў большую частку, як мне здаецца, людзей адпусцілі, таму што вельмі шмат людзей было затрымана. Я застаўся ў апошняй групе, адпаведна, каго не адпусцілі. Увечары нас пачалі везці міліцэйскімі аўтобусамі ў гродзенскую турму. Там нас вывелі ў дворык — паставілі ў шэраг да сцяны, рукі за спіну, вакол гаўкалі сабакі, трашчалі шокерам каля вушэй і свяцілі ў твар. Але нас не білі. Нас наогул нідзе не білі, акрамя моманту затрымання і калі вялі праз калідор ганьбы ў РАУС, калі з таўхалём у актавую залу я і ўляцеў".
"Вось гэтаму, калі ласка, пабольш"
Там, як распавядае гарадзенец, правялі "голы дагляд" і 20-30 чалавек адправілі ў "адстойнік". Пасля гэтага хлопца вызначылі яшчэ з сямю чалавекамі ў двухмесную камеру. Раніцай усіх пачалі вадзіць на суды, якія праводзілі наўпрост у кабінетах турмы.
"Быў такі выязны суд, калі так можна яго назваць, таму што ўсё заняло хвілін пяць ад сілы. У кабінеце асабіста сядзела суддзя, якая проста зачытала пратакол затрымання і спытала, ці згодны я з ім. Я быў не згодны, бо я ў пратэстах не ўдзельнічаў, сімволікай не размахваў, як там было напісана. У выніку яна пастанавіла мне пяць сутак. Калі мяне выводзілі з кабінета, то я бачыў, што ўсім гэтым працэсам кіраваў начальнік, які вёў з намі выхаваўчыя гутаркі на Дубко. Памятаю, калі вялі аднаго хлопца, які неяк правініўся, то міліцыянт проста пры ім суддзі казаў: "Вось гэтаму, калі ласка, пабольш". Вось так усё і вырашалася. Насамрэч гэта была проста латарэя. Хлопцаў, якіх затрымлівалі ў адзін і той жа час па адной і той жа справе, судзілі па-рознаму: аднаму далі трое сутак, а другому – чатырнаццаць".
"Дыхаць было проста няма чым"
Хлопец узгадвае, што праз некалькі гадзін пасля суда яго завялі ў аўтазак на тэрыторыі турмы, дзе ў напоўненай іншымі затрыманымі машыне прастаялі яшчэ некалькі гадзін.
"Мы ўвесь гэты час проста стаялі, таму што фізічна немагчыма было сесці. Нас было вельмі шмат – усіх шчыльна запхалі. Не ведаю, чаму нас так доўга трымалі. Мы праседзелі некалькі гадзін. Там было вельмі душна, дыхаць было проста няма чым. Памятаю, многія хлопцы прасілі хаця бы вады".
Гродзенец распавядае, што даведаліся, куды іх вызначылі адбываць суткі толькі на месцы па прыездзе.
"Мы прыехалі, калі ўжо было цёмна, а цямнела позна. Атрымліваецца, мы цэлы дзень праседзелі ў гэтым аўтазаку. Калі нас прывезлі ў Ваўкавыск, вывелі з апушчанай галавой і зноў пабудавалі ля сцяны. Але нам ніхто не казаў, дзе мы. Магчыма, быў загад не гаварыць, не ведаю. Хлопцы пыталіся ў канваіра, а ён, кося пад дурнічка, адказваў намёкамі: "нічога не ведаю, але, хутчэй за ўсё, Ваўкавыск".
Хлопец кажа, што цяпер успомніць свае думкі на той момант ужо складана – памятае толькі, што ў аўтазаку было дрэнна праз тое, што было вельмі душна.
"Нас адразу вызначылі ў вялікую камеру. Потым да нас прыйшоў начальнік, мабыць, і тады толькі абвясціў, што нас прывезлі ў Ваўкавыск. Ён адразу сказаў: "Вы тут — не нашы", гэта значыць не іх кліенты. Ён сказаў, што мы адседзім свае суткі, і нас адпусцяць.
Потым нас групамі сталі вызначаць па камерамі, выдаваць слімакі-матрацы і металічныя гурткі. Там ужо было спакайней і мы маглі перагаворвацца з іншымі затрыманымі. Памятаю адзін распавёў, як яго затрымалі ў хатніх тапачках, калі ён пайшоў смецце выкідваць. Таксама памятаю зусім маладога хлопца-школьніка або студэнта – зусім у цяжкім маральным стане, ён там расплакаўся, а супрацоўнікі яго супакойвалі".
"Каб у інтэрнэце не пісалі, што тут неяк па-зверску ставіліся"
"Беларусь сегодня" так апісвала ўмовы ўтрымання ў арыштным доме ПК-11: "у памяшканні, якое нагадвае гасцініцу, пластыкавыя вокны, вентыляцыя, сучасны санвузел, зручныя ложкі". Гродзенец смяецца і кажа, што да гатэлю, вядома, далёка, але ў параўнанні з тым, што пісалі пра Акрэсціна ў жніўні 2020 года, умовы былі нармальныя. Там хлопца засялілі ў чатырохмясцовую камеру. З арыштантамі па крымінальных артыкулах ён там не перасякаўся.
"Чатыры ложкі – чатыры чалавекі. Развіталіся, пазнаёміліся і ляглі спаць. Першы раз паеў у сераду раніцай – на другія суткі затрымання.
Там прасядзеў няпоўныя пяць дзён, можна сказаць, чатыры дні. За гэты час адзін раз мяне вадзілі на допыт – удакладнялі, калі быў затрыманы, пры якіх абставінах, за што. Больш нас нікуды не выводзілі-ні на прагулкі, ні ў душ, ні папаліць. Стаўленне да нас было, я б сказаў, не тое што лаяльнае, а хутчэй наогул нейтральнае, пафігістычнае. Нас не чапалі, але і патуранняў не было. Наогул нічога".
Вызваляць з арыштнага дома затрыманых у Гродне пачалі ноччу 14 жніўня.
"У ноч з чацвярга на пятніцу ўсё пачалося. Мы напалохаліся, бо пачулі, што з камер пачалі выводзіць хлопцаў. І толькі раніцай зайшлі да нас у камеру і сказалі: "Збірайцеся, едзеце ў Гродна". Я зноў трохі спалохаўся, таму што я амаль адседзеў свае суткі і не хацеў зноў праходзіць усё па-новай... Бо нам не сказалі, што нас выпускаюць на волю і адвязуць дадому.
Нас вывелі з камеры, выбудавалі ў агульным вялікім калідоры і, мабыць, начальнік сказаў, што нас цяпер пасадзяць у аўтобусы і павязуць дадому. Таксама ён напрыканцы сказаў, што самы час цяпер сказаць, калі ёсць нейкія прэтэнзіі, "каб потым у інтэрнэце не пісалі, што тут неяк па-зверску ставіліся".
Мы выйшлі з канвоем, але ўжо як свабодныя людзі. У двары стаяў аўтобус. У аўтобусе я паглядзеў, адкуль мы выязджалі. Памятаю толькі цагляныя сцены, дрот, металічныя вароты, якія раз'язджаюцца".
"Высадзілі ў полі каля знака ўезду ў Гродна"
У Гродне з Ваўкавыска затрыманых павезлі двума аўтобусамі Гроднааблтранса.
"Дадому нас павезлі ў камфартабельных умовах у двух поўных пасажырскіх аўтобусах. З намі ўжо не было ніякіх людзей у форме. Быў хтосьці ў цывільным, натуральна, але ўжо вывозілі нас наогул без якіх-небудзь прадстаўнікоў улады. Як турыстычны аўтобус. Я так разумею, хацелі зрабіць гэта максімальна ціха, таму што нас завезлі не ў горад, а пад мяжу з горадам – высадзілі ў поле каля знака ўезду ў Гродна.
Нейкім цудам у аднаго хлапчука быў тэлефон – ці то не ўбачылі, ці то забыліся. Натуральна, гэты тэлефон прайшоўся па руках па ўсім аўтобусе. Усе паспелі патэлефанаваць сваякам, каб сустракалі. Таму, калі мы прыехалі, на ўездзе ў горад ужо была досыць вялікая колькасць сустракаючых людзей".
Ніякіх дакументаў, што хлопец адбыў адміністрацыйнае пакаранне, хлопцу не выдалі.