Павел Нікіценка – выпускнік віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжу, скончыў аддзяленне «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі», завочна навучаўся ў віцебскім тэхналагічным універсітэце і працаваў праграмістам. З 2017г. ягоным месцам працы быў абласны разлікова-даведачны цэнтр.
Згодна з матэрыяламі справы, Нікіценка ў перыяд з ліпеня 2020 г. па 15 лістапада 2021 г. незаконна сабраў і распаўсюдзіў інфармацыю аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных службовых асоб дзяржащных органаў, членаў іх семʼяў, іншых грамадзян – усяго скапіяваў з інфармацыйнай сістэмы дадзеныя амаль 1,5 мільёна грамадзян Беларусі. Таксама ён зʼяўляўся адміністратарам дэструктыўнага Telegram-канала і размяшчаў заклікі і ўказанні, што да групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, інструкцыі па здзяйсненні супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў. А таксама публікаваў абразы на адрас Лукашэнкі і старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі.
Паўла затрымалі 24 лістапада мінулага году і змясцілі пад варту, пры затрыманні ён быў моцна збіты, і яго здароўе да гэтага часу не аднавілася. Падчас судовага разбіральніцтва ён прызнаў сваю віну часткова. Апрача пакарання ў выглядзе 4,5 гадоў пазбаўлення волі, Павел Нікіценка мусіць выплаціць штраф памерам 3200 руб. Суд таксама задаволіў патрабаванні аднаго з пацярпелых наконт кампенсацыі маральнай шкоды ў суме 1000 руб.
Усе 8 месяцаў па затрыманні Нікіценка знаходзіцца ў віцебскім СІЗА-2, праваабаронцы прапануюць падтрымаць яго лістамі, якія можна дасылаць на адрас: 210026 г.Віцебск, вул. Гагарына 2, СІЗА-2, Нікіценку Паўлу Міхайлавічу.
Жанна Жалейка