Чацвер, 19 Лістапад 2026

У міжнародны вышук падалі Крысціну Рыхтэр і Андрэя Ягорава

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Абодвух падалі ў вышук з Віцебскага абласнога міліцэйскага ўпраўлення. Гэта яшчэ раз сведчыць пра тое, што палітычныя справы СК і МУС адмыслова размяркоўваюць па розных рэгіёнах.

Крысціна Рыхтэр — беларуская юрыстка і праваабаронца з больш чым дзесяцігадовым вопытам працы. Пасля палітычнага крызісу 2020 года і хвалі вобшукаў супраць праваабаронцаў у ліпені 2021 года была вымушана пакінуць краіну.

У эміграцыі яна далучылася да каманды Офіса Святланы Ціханоўскай, дзе са снежня 2022 года па ліпень 2024 года займала пасаду дарадцы па прававых пытаннях. Тады Крысціна Рыхтэр  пакінула пасаду дарадцы па ўласным жаданні, спаслаўшыся на стомленасць, але працягнула праваабарончую і кансультацыйную дзейнасць у міжнародных ініцыятывах. Яе імя з’явілася ў міжнароднай базе вышуку 19 лістапада.

два дні таму, 17 лістапада,  тое самае Віцебскае абласное ўпраўленне МУС абвясціла ў вышук палітолага і грамадскага актывіста Андрэя Ягорава.

Андрэй Ягораў — беларускі палітолаг і грамадскі дзеяч, які шмат гадоў дапамагаў развіваць грамадзянскую супольнасць у краіне. Пасля вучобы на юрыдычным факультэце БДУ ён выкладаў ва ўніверсітэце, а пазней узначаліў незалежны аналітычны Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі і кансорцыум «ЕўраБеларусь». Яго галоўнай справай былі аналіз палітыкі, прасоўванне дэмакратыі і супрацоўніцтва з Еўропай.

Прычынай выезду Андрэя Ягорава з Беларусі стаў палітычны пераслед з боку ўладаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года: ён увайшоў у склад Каардынацыйнай рады (КР), быў затрыманы, адбыў адміністрацыйны арышт і сутыкнуўся з пагрозай крымінальнага пераследу паводле палітычна матываваных абвінавачанняў. Апынуўшыся ў эміграцыі ў краінах Еўрасаюза, ён працягнуў актыўную грамадска-палітычную і экспертную працу ў беларускіх дэмакратычных структурах. У прыватнасці, Ягораў займаў пасаду спікера Каардынацыйнай рады, удзельнічаў у распрацоўцы стратэгій для беларускіх дэмсіл, а таксама працягвае выступаць у якасці палітычнага аналітыка ў незалежных медыя і даследчых праектах.

Маргарыта Шаўцова