Адмова пакінуць копію пратаколу па гэтай прычыне або з адгаворкамі накшталт «у нас няма паперы», «прыйдзеце ў аддзел — забярэце» або «потым дашлем па пошце» — гэта прамое парушэнне закона. Пратакол — адзіны афіцыйны дакумент, які пацвярджае сам факт правядзення вобшуку, змяшчае поўны спіс канфіскаваных рэчаў і фіксуе зробленыя вамі заўвагі, падкрэсліваюць праваабаронцы.
Згодна з ч. 4 арт. 212 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (КПК), копія пратакола вобшуку або вымання абавязкова павінна ўручацца пад распіску асобе, у якой праводзіўся вобшук, альбо паўналетняму члену сям'і.
«Пратакол вобшуку — гэта галоўны дакумент, які фіксуе межы законнасці дзеянняў супрацоўнікаў. На практыцы адмова ўручыць яго копію часта выкарыстоўваецца як інструмент ціску, каб пазбавіць чалавека магчымасці адразу зразумець, у якім статусе ён знаходзіцца і якія менавіта рэчы або дакументы былі афіцыйна канфіскаваныя. Без копіі пратакола грамадзянін застаецца цалкам дэзарыентаваным, не ведаючы, ці канфіскавалі ў яго флэшку, тэхніку або грашовыя сродкі на законных падставах. У яго няма аніякіх доказаў забрання ягонай маёмасці, адпаведна – і преспектыў нешта вярнуць, бо без афіцыйнай фіксацыі яны могуць наогул "загубіцца". Патрабаванне выдаць пратакол — гэта не капрыз, а адстойванне права на асабістую бяспеку і абарону ад самаўпраўства», - падкрэслівае праваабаронца Аляксандр.
Сітуацыю з адмовай выдаць копію пратакола ператрусу каментуе і юрыстка Вікторыя Машэй:
«З юрыдычнага пункту гледжання адмова ў выдачы копіі пратакола прамым чынам парушае права чалавека на абарону і абскарджанне незаконных дзеянняў. Без тэксту пратакола вы не можаце аператыўна падаць скаргу пракурору або ў суд на парушэнні, дапушчаныя ў працэсе вобшуку (напрыклад, калі сілавікі праводзілі надгляд без панятых, пашкодзілі маёмасць або ўнеслі ў спіс не тыя прадметы). Варта памятаць, што ч. 4 арт. 212 КПК Рэспублікі Беларусь не пакідае следчаму або аператыўніку права выбару: слова "ўручаецца" носіць імператыўны, абавязковы характар. Адгаворкі сілавікоў абсалютна неправамерныя».
Наступствы для грамадзян
Калі ў вас не пакінулі копію пратакола, вы сутыкаецеся з сур'ёзнымі рызыкамі:
- Рызыка падмены або страты канфіскаванага: Вы не зможаце даказаць, якія канкрэтна рэчы, грошы ці носьбіты інфармацыі былі забраны з вашай кватэры.
- Цяжкасці з вяртаннем маёмасці: Без спіса канфіскаванага вельмі цяжка патрабаваць вяртання тэхнікі або рэчаў пасля закрыцця справы ці правядзення экспертыз.
- Пазбаўленне права на абскарджанне: Вы не зможаце аргументавана паказаць у скарзе пракурору на працэсуальныя парушэнні, паколькі ў вас на руках няма тэксту дакумента.
Рэкамендацыі: што рабіць падчас вобшуку і пасля яго
- Настойвайце на ўнясенні ўсіх рэчаў у вопіс. Уважліва сачыце, каб у пратакол былі ўнесены абсалютна ўсе прадметы, якія канфіскуюцца, з дэтальным апісаннем (серыйныя нумары тэхнікі, прыкметы рэчаў, дакладныя сумы і валюта).
- Пішыце заўвагі. Перад тым як паставіць подпіс, напішыце ў адмысловай графе пратакола ўсе парушэнні: "Вобшук праходзіў без адваката", "Панятыя знаходзіліся ў іншым пакоі", "Копію пастановы аб правядзенні вобшуку не ўручылі".
- Патрабуйце копію пратакола на месцы. Нагадвайце супрацоўнікам пра ч. 4 арт. 212 КПК Рэспублікі Беларусь. Адмаўляйцеся распісвацца ў графе «Копію пратакола атрымаў», пакуль дакумент сапраўды не апынецца ў вас у руках.
- Калі копію так і не далі: Адразу пасля ад'езду супрацоўнікаў зафіксуйце ў блокноце дакладны час вобшуку, прозвішчы сілавікоў (калі яны назваліся), склад канфіскаванага і кантакты панятых. З гэтай інфармацыяй як мага хутчэй звярніцеся да юрыстаў ці праваабаронцаў для разбору сітуацыі і падачы скаргі ў пракуратуру.
Ва ўмовах беспрапыннага ціску на грамадзянскую супольнасць у Беларусі вобшук стаў адным з самых частых следчых дзеянняў. Для чалавека, у чый дом прыходзяць сілавікі, гэта заўсёды велізарны стрэс. Менавіта таму варта ведаць і адстойваць свае правы нават у гэтай сітуацыі.
Павел Грыгор'еў