Чацвер, 29 Кастрычнік 2026

Барыс Хамайда працягвае 20-гадовую традыцыю

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Напярэдадні Дзядоў ён зноў наведаў месца сталінскіх расстрэлаў каля вёскі Паляі пад Віцебскам і магілы сваіх паплечнікаў- аднадумцаў, якія адышлі ў лепшы свет. Гэты маршрут найстарэйшы віцебскі апазіцыянер паўтарае год ад году і лічыць сваім абавязкам.

Гэтую традыцыю Барыс Хамайда запачаткаваў у  далёкім 2006 годзе – у той год не стала яго найбліжэйшага сябра Ўладзімера Плешчанкі. У свой час Плешчанка ўзначальваў Віцебскую арганізацыю КХП БНФ, быў адным з першых беларускіх палітвязняў – яго некалькі месяцаў трымалі  ў СІЗА, спрабуючы даказаць, што апазіцыянер скраў бюст Суворава... Ен пахаваны на могілках у вёсцы Друкава Віцебскага раёну, і менавіта адтуль Барыс Хамайда штогод пачынае свой жалобны паход.

Штораз, калі сыходзілі з жыцця аднадумцы Барыса Хамайды, гэты  маршрут рабіўся  ўсё даўжэйшым: на гарадскіх могілках каля вёскі Копці таксама ёсць некалькі магіл, абысці якія віцебскі актывіст лічыць сваім абавязкам. Тут пахаваныя партыйцы Сяргей Цярэнцьеў, Раман Салаўян, Алесь Мудрычэнка, Алена Залесская, журналіст Уладзімір Жыгулоў, грамадскі дзеяч Іосіф Навумчык, адданы прыхільнік беларушчыны і кіраўнік абласной Рады ТБМ з 25-гадовым стажам, які памёр летась у лютым...   

За мінулыя 20 гадоў памінальныя акцыі праходзілі ў самым розным фармаце: часам Барыс Хамайда выпраўляўся на іх адзін або з блізкімі сябрамі. А было і такое, што даводзілася замаўляць аўтобус, каб змясціць усіх ахвотных паехаць на могілкі да вядомых у віцебску апазіцыйных актывістаў. Аднойчы такі аўтобус спынілі па дарозе, і больш за 30 чалавек апынуліся ў пастарунку – усіх затрымалі нібыта за правядзенне несанкцыянаванай акцыі...

Паводле традыцыі, апошнім пунктам на шляху Барыса Хамайды штораз бывае месца расстрэлаў падчас сталінскага тэрору за 7 км ад Віцебска. “Ля вёскі Паляі, дзе усталяваны вялікі крыж ахвярам таталітарнага рэжыму запалілі лампадку. Памаліліся за Беларусь і Беларускі Народ. Выканалі гімн "Магутны Божа", - напісаў у Facebook спадар Барыс.

Ігар Няфёдаў