Мікіта Прысталенка цалкам адбыў тэрмін пакарання, прысуджаны яму на падставе артыкулу 370 Крымінальнага Кодэксу («Апаганьванне дзяржаўных сімвалаў»). 25 лютага 2021 году ён сарваў у цэнтры Менску два дзяржаўныя сцягі. Год абмежавання волі («хіміі») Мікіта Прысталенка правёў у Мазыры, у ПУАТ 21. 31 верасня мінулага году праваабарончая супольнасць прызнала яго палітзняволеным.

Мінулае доўгатэрміновае спатканне ў палітвязня Паўла Севярынца было ў снежні 2021 году. Пасля гэтага, у красавіку, лідара Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, які адбывае пакаранне ў шклоўскай ПК №17, прызналі злосным парушальнікам рэжыму, скарацілі дазволеную колькасць тэлефанаванняў дадому і грашовых пераводаў. 

31 мая ў судзе Аршанскага раёна і горада Оршы вынесены прысуд па крымінальнай справе Аляксандра Несцерава, які абвінавачваецца ў абразе прадстаўніка ўлады па артыкулу 369 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.  Суддзя Іна Кохава прызнала Несцярава вінаватым і прызначыла яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 2,5 гады з накіраваннем у папраўчаю ўстанову адкрытага тыпу.

10 чэрвеня судом Воршы і Аршанскага раёну вынесены прысуд па крымінальнай справе палітвязняў Вячаслава Лютынскага і Дзмітрыя Матусевіча. Іх абвінавацілі ў здзеку над дзяржаўным сімвалам. Кожны падсудны, ў рамках арт. 370 Крымінальнага кодэкса, быў пакараны 2 гадамі абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.  Судовым працэсам кіраваў суддзя Дзмітрый Разумовіч.

На платформе па зборы подпісаў Petitionsby 8 чэрвеня з'явілася петыцыя з патрабаваннем да мясцовых уладаў спыніць у Віцебску абразанне дрэваў «пад слуп». Сабраныя подпісы будуць накіраваныя ў Віцебскі гарвыканкам, а таксама ў пракуратуру гораду Віцебску. Зварот ад мясцовых жыхароў складзены на беларускай мове.

Палітзняволены вязень Папраўчай калоніі №3, якая знаходзіцца ў Віцебскай вобласці ў п. Віцьба, адвакат Максім Знак, якога асудзілі на дзесяць гадоў турмы за ўдзел у выбарах-2020 на баку прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі, 8 чэрвеня быў пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі.

28-гадовы Мікіта Палеонак  быў затырманы 16 студзеня ў Віцебску. За кратамі ён знаходзіцца амаль пяць месяцаў. Яго абвінавачваюць у абразе прэзідэнта (арт. 368 КК) і прадстаўнікоў улады (арт.369 КК). 27 студзеня праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала яго палітвязнем.

Жыхары Віцебска бацька і сын Кузнечыкі, якія жылі ў амбасадзе Швецыі ў Мінску, уцяклі ў Латвію. Віталь і Уладзіслаў знаходзіліся на тэрыторыі амбасады з пачатку верасня 2020 года. Яны хацелі атрымаць палітычны прытулак у Швецыі, бо іх пераследавалі сілавікі за актыўны ўдзел у пратэстах, за што была заведзеная крымінальная справа. Рэлакацыя заняла крыху болей адных сутак.

Разгляд справы, распачатай паводле ч. 1 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»)  адбыўся 8 чэрвеня ў Магілёўскім абласным судзе. Суддзя Ігар Шведаў прызнаў журналіста вінаватым і прызначыў пакаранне ў выглядзе зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму на тэрмін 6 гадоў. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

1 чэрвеня ў судзе Першамайскага раёна Віцебска вынесены прысуд Валерыю Елісееву за абразу супрацоўніка ДАІ Ігара Вольніча. Суд прызнаў Валерыя вінаватым паводле арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса і асудзілі да 1,5 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ. Асуджаны таксама мусіць часткова кампенсаваць пазоў пацярпелага міліцыянта і выплаціць яму 100 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.