Нядаўна Павел Севярынец паведаміў родным, што яго пазбавілі і доўгатэрміновага спаткання.
Палітыка і пісьменніка Паўла Севярынца ўтрымліваюць за кратамі ўжо больш за два гады. Ён быў затрыманы супрацоўнікамі МУС 7 чэрвеня 2020 году проста на вуліцы. Паўлу прысудзілі тры пакаранні арыштамі па 15 сутак за нібыта адміністрацыйныя правапарушэнні – за ўдзел у перадвыбарчых пікетах і заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Аднак пасля 75 сутак адміністрацыйнага арышту Паўла Севярынца не выпусцілі на свабоду, а перавялі ў СІЗА №1 у статусе падазраванага паводле арт. 293 КК (Арганізацыя масавых беспарадкаў).
Пазней Севярынцу выставілі абвінавачванне, 12 траўня 2021 году ў Магілёўскім абласным судзе распачаўся закрыты судовы працэс. Яшчэ праз два тыдні быў абвешчаны вырак – 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Разам з Паўлам Севярынцам тады асудзілі яшчэ некалькі чалавек: блогера Змітра Казлова, грамадскую актывістку Ірыну Шчасную, актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча.
Салідарнасць з палітвязнем, які два гады вымушана знаходзіцца ў няволі, гэтымі днямі дэманструюць беларусы замежжа. 13 чэрвеня беларуская супольнасць у Варшаве запрашае на вечарыну, прысвечаную Паўлу Севярынцу. Ахвотных чакаюць а 18-й гадзіне ў беларускім доме ў Варшаве.
Феліцыян Красоўскі