На Віцебшчыне ўсталююць яшчэ адзін флагшток з бюджэтныя грошы. Ужо вядома, колькі гэта каштуе
Цяпер флагшток мае з’явіцца ў Наваполацку. Запланаваная праектам вышыня – 68 метраў ( прыблізна як 19-павярховы дом). Канструкцыяй для вывешвання дзяржаўнага сцяга тут не абмяжуюцца: пад яе будзе абсталявана адмысловая пляцоўка плошчай 0,2056 га. На пляцоўцы прадугледжана месца для яшчэ аднаго элемента – пастамента з дзяржаўным гербам Рэспублікі Беларусь. Гранітныя пліты, свяцільнікі і іншыя элементы добраўпарадкавання таксама ўключаны ў смету праекта.
Скрыню для "лістоў без адказаў" паставілі і ў Дуброўне
Мяркуецца, што ў гэтай паштовай скрыні на сцяне Дубровенскага райвыканкама людзі будуць пакідаць заявы пра карупцыю ў рэгіёне. Ананімныя паведамленні таксама вітаюцца. Але адказаў, ці будуць прынятыя нейкія канкрэтныя захады паводле іх заяваў, людзям даваць не будуць. Інакш кажучы, ніхто так і не даведаецца, ці пакараюць вінаватых, ці справы проста "замнуць". У любым выпадку, да шырокай грамадскасці ніхто не збіраецца даводзіць, наколькі дрэнныя справы з карупцыяй у рэгіёне.
Віцебскі вядучы вяселляў распавёў пра палітычны данос
Пасля карпаратыўнай сустрэчы з калегамі нехта напісаў у чат-бот МУС пра тое, нібыта Віталь Савельеў дапускаў “абразлівыя выказванні палітычнага характару”. Праз дзве гадзіны па сканчэнні мерапрыемства да вядучага прыехаў нарад міліцыі па тлумачэнні.
Супраць палітзняволенай Вольгі Брыцікавай у калоніі ладзілі правакацыі
Пра тое, як былая лідарка незалежнага прафсаюзу "Нафтана" адстойвала правы жанчын у гомельскай ПК-4, выданню "Зеркало" распавяла адна з былых зняволеных гэтай калоніі. Паводле яе словаў, супраць Брыцікавай спрабавалі настроіць іншых зняволеных, а саму Вольгу пакаралі 7-мю суткамі ў ШИЗА за тое, што яна змагалася за ўласныя правы і правы іншых зняволеных у жаночай калоніі.
У Паставах скончылі, у Талачыне пачалі
Вядзецца пра ананімныя паведамленні пра карупцыю, да якіх заахвочваюць мясцовых жыхароў. Адмысловую скрыню для такіх паведамленняў паставілі каля Талачынскага райвыканкама.
Міліцыянт пагражаў “падпісаць на забароненыя Тэлеграм-каналы” і “засадзіць на 8 гадоў”
І гэтыя пагрозы не выглядаюць як нешта неверагоднае: на Віцебшчыне вядома шмат выпадкаў, калі ў пастарунку ў чалавека прасілі тэлефон, а потым самі ж супрацоўнікі міліцыі "афармлялі" для затрыманага падпіскі на так званую "экстрэмісцкую інфармацыйную прадукцыю". Вядомы нават выпадак, калі чалавек меў стары "кнопачны" тэлефон, але ў міліцыі на іншы нумар яго зарэгістравалі ў Тэлеграм і нарабілі "экстрэмісцкіх" падпісак...
Не здолелі прадаць гістарычны будынак – цяпер пачынаюць “ахоўваць”
Каля будынка былой паштовай станцыі ў вёсцы Паграбёнка Сенненскага раёна паставілі інфармацыйны стэнд пра яго гісторыю. І гэта - пасля шматлікіх безвыніковых спробаў прадаць былую паштовую станцыю, якая мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 2-й катэгорыі.
Рэдактарка лёзненскай “раёнкі” прызнала, што ў газеце бракуе беларускай мовы
З Аленай Коласавай паразмаўляў блогер Андрэй Павук. Пытанні да рэдактаркі тычыліся асвятлення так званай “СВО” у беларускіх дзяржаўных СМІ, і таго, як асвятдяюцца падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Пра тое, чаму зараз не прынята згадваць, што Аляксандр Лукашэнка прымаў прысягу як прэзідэнт пад бел-чырвона-белым сцягам, рэдактарка зазначыла “Мы пра такое не пішам”. А на заўвагу пра адсутнасці беларускамоўнага кантэнту адказала: “Это так. Нужно писать на родном языке. Мы будет стараться».
Як вядзецца вайскова-патрыятычнае выхаванне ў школе, дзе менш за 60 вучняў
“Віцебская вясна” прааналізавала, якія кампаненты ўваходзяць у сучасны выхаваўчы працэс у Парплішчанскай сярэдняй школе, што ў Докшыцкім раёне. Паводле намесніцы дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ганны Маркевіч, яно “ахоплівае ўсе ключавыя напрамкі: ад вывучэння дзяржаўнай сімволікі да пагружэння ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны”. Увесь гэты ідэалагічны масіў абрынуты на галовы некалькіх дзясяткаў дзяцей, якіх у кожным класе — па 6–7 чалавек. Пры гэтым Парплішчанская СШ на паперы лічыцца школай з беларускай мовай навучання. Але патрыятызм у вучняў выхоўваюць па-расейску. І пры поўным ігнараванні гісторыі малой радзімы да 1941 года.
У Варшаве развіталіся з Канстанцінам Івановым, актывістам і журналістам, ураджэнцам Віцебска
Пасля крэмацыі ягоны прах будзе пахаваны ў Беларусі. У Віцебску ў Канстанціна Іванова засталася маці. 2 лістапада яму споўніўся б 41 год. Але жыццё Кастуся забрала анкалагічная хвароба, з якой ён змагаўся, колькі мог.