3 верасня ў Наваполацку затрымалі прафсаюзнага актывіста Вадзіма Міхайлава. Мужчына быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ падчас абедзеннага перапынку, калі выехаў у горад на сваім аўтамабілі. Міхайлава адвезлі ў ГАУС Наваполацку, адкуль ён ужо не выйшаў. Як паспеў паведаміць Вадзім Міхайлаў, прычынай затрымання стала налепка з Пагоняй на багажніку ягонага аўто.

У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску 3 верасня адбыўся разгляд яшчэ адной крымінальнай справы за публічную абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Гэтым разам на лаве падсудных апынулася 51-гадовая Вера Струніна, якая працуе вахцёркай у віцебскім інтэрнаце. За кароткі каментар на адрас ужо былога міліцыянта з Віцебску суддзя Дзяніс Аляксеенка прысудзіў ёй 1 год і 6 месяцаў «хіміі». Пракурор Антон Гарохаў прасіў пакараць трыма гадамі. Ад адваката жанчына адмовілася.

Палітзняволенай віцяблянцы Юліі Кашаверавай адмовілі ў памілаванні. Як паведаміў бацька Юліі, прашэнне аб памілаванні напісала ейная бабуля. Камісія ў пытаннях памілавання і вызвалення ад крымінальнай адказнасці прашэнне разгледзела, але не задаволіла. Як паведамлялася раней, Кашаверава ўжо дасылала прашэнне аб памілаванні ў так званы "Круглы стол дэмакратычных сіл" (КСДС), які ўзначальвае Юрый Васкрасенскі.

26 жніўня 2021 Камітэтам ААН па правах чалавека пад нумарам 4000/2021 была зарэгістраваная скарга Наталлі Трошчанкі. Грамадзянская актывістка мяркуе, што беларуская дзяржава парушыла яе правы на свабоду слова і мірныя сходы.

2 верасня ў судзе Першамайскага раёну Віцебску прайшло закрытае судовае паседжанне, на якім разглядалася скарга «на затрыманне, заключэнне пад варту, хатні арышт, падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай і дамашняга арышту, а таксама – на прымусовае змяшчэнне ў судова-псіханеўралагічны экспертны стацыянар». Абвінавачаны і скаржнік – Уладзімір Мунякін, які набыў у Віцебску вядомасць, дзякуючы напаўфантастычным праектам. Адным з такіх было абяцанне перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах.

Праваабаронцы пацвердзілі інфармацыю пра тое, што віцяблянін Аляксандр Мацвееў, прызнаны судом Першамайскага раёну Віцебску вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, пакінуў межы краіны. Як паведамляла «Віцебская вясна», 9 ліпеня суддзя Наталля Карабліна асудзіла Мацвеева на адзін год і шэсць месяцаў «хіміі» (паводле арт. 369 КК).

27 жніўня суд Мёрскага раёну прысудзіў 33-гадовага мужчыну да аднаго з паловай году калоніі агульнага рэжыму. Зняты ім відэаролік палічылі «публічнай абразай прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (ч. 1 арт. 368 КК РБ). Таксама суд пастанавіў адправіць мужчыну на прымусовае лячэнне ад алкагалізму, паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суду РБ. Суд, відаць, палічыў, што такі ролік мог зняць толькі чалавек у нецвярозым стане...

31 жніўня ў Віцебскім абласным судзе адбылося чарговае паседжанне ў справе жыхара Наваполацку Яўгенія Харашкевіча, супраць якога выстаўленыя крымінальныя абвінавачанні адразу па трох крымінальных артыкулах. Прадстаўніка праваабарончай арганізацыі, які прыйшоў назіраць за працэсам, у залу не пусцілі. Першае пасяджэнне адбылося 5 ліпеня.

Дэпутаты Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў на пазачарговай сесіі, якая адбылася 24 жніўня 2021 году ў абласным цэнтры, вырашылі вылучыць з абласнога бюджэту на рамонт манастыра ў два разы больш грошай, чым на рамонт школаў вобласці.

У жніўні 2021 году сябра праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» (БХК) Ірына Траццякова накіравала індывідуальнае паведамленне ў Камітэт ААН па правах чалавека. Яна лічыць, што беларуская дзяржава парушыла яе правы на свабоду слова і мірныя сходы, а таксама права на справядлівы разбор яе справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом.