Варта нагадаць, што Юлію Кашавераву судзілі за тое, што падчас мірнай акцыі пратэсту ў Віцебску 4 кастрычніка 2020 году яна нібыта сарвала маску і форменную кепку з супрацоўніка МУС і ўдарыла нагой па міліцэйскім бусе. Кашаверава віну прызнавала часткова. Яна не адмаўляла, што пасля таго, як ёй не далі аказаць дапамогу пацярпеламу, яна не стрымалася і нанесла тры ўдары па заднім дзвярам міліцэйскага мікрааўтобуса. Але запэўніла, што па правых бакавых дзвярах удараў не наносіла, маску і кепку з супрацоўніка МУС не зрывала.
Пракуратура патрабавала для яе 6 гадоў зняволення.
«4 кастрычніка ў натоўпе я ўбачыла чалавека, які ляжаў тварам уніз. Першае, што прыйшло ў галаву, – гэта даведацца, што здарылася, ці не страціў ён свядомасць, і дапамагчы. У гэты момант я ўспомніла маці, за жыццё якой змагалася ўся сям'я... Мне стала крыўдна за сябе, бо не здолела дапамагчы. Так, я прызнаю сваю віну: я ўдарыла па машыне тры разы. Я здзейсніла правапарушэнне, але не судзіце мяне строга. Не пазбаўляйце мяне свабоды!» - казала Кашаверава ў сваім апошнім слове.
23 лютага 2021 года суддзя Сяргей Будрэвіч прысудзіў Юліі 1 год і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. 4 траўня Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргу Кашаверавай і прысуд пакінуў без зменаў.
Юлія Кашаверава адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №4 у Гомлі.
Віталь Кажух