Вадзім Міхайлаў - намеснік старшыні першаснай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюзу (БНП) на ААТ "Нафтан". БНП лічыць затрыманне актывіста невыпадковым. У цэху №103, дзе працуе Міхайлаў, адбываецца так званая "аптымізацыя персаналу". Вадзім Міхайлаў спрабаваў адстойваць інтарэсы працаўнікоў, якія патрапілі пад скарачэнне. Апроч таго, сёлета Міхайлаў ужо судзіўся з адміністрацыяй прадпрыемства.
У прафсаюзе адзначаюць, што, згодна з папраўкамі ў Працоўным Кодэксе, унесенымі ў 2021 годзе, наймальнікам дазволілі звальняць супрацоўнікаў "у сувязі з адбываннем адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе адміністрацыйнага арышту". Калі суд прызнае віну Міхайлава і прысудзіць яму "суткі", прафсаюзны актывіст пасля адбывання арышту можа быць звольнены з прадпрыемства.
Суд па адміністрацыйнай справе Вадзіма Міхайлава мае адбыцца 6 верасня.
Янка Прас