Падставай для звароту ў КПЧ былі наступныя падзеі. 29 снежня 2019 году больш за 15 жыхароў Віцебску выйшлі на плошчу Перамогі і зладзілі акцыю ў падтрымку незалежнасці краіны. Актывісты трымалі ў руках расцяжку "Незалежнасць" і плакаты з лозунгамі. Акцыя доўжылася 20-25 хвілін. У гэтай акцыі брала ўдзел і Наталля Трошчанка.
Згодна з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні, які паступіў з міліцыі ў суд, Трашчанка актыўна ўдзельнічала ў несанкцыянаваным пікетаванні з мэтай публічнага выказвання свайго стаўлення да інтэграцыі Расеі і Беларусі, трымала ў руках бел-чырвона-белай сцяжок. У сярэдзіне студзеня 2020 году Наталля Трашчанка была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у мірным сходзе. Згодна з пастановай суддзі суду Чыгуначнага раёну Віцебску Алены Грабянчук, грамадзянская актывістка была аштрафаваная на 648 рублёў.
Гэтую пастанову Трашчанка абскардзіла ў Віцебскім абласным судзе. Суддзя Святлана Іванова пастановай ад 5 лютага 2020 году пакінула скаргу без задавальнення, а рашэнне суду першай інстанцыі – без змены. З гэтага моманту рашэнне суду Чыгуначнага раёну аб прыцягненні Наталлі Трошчанка да адміністрацыйнай адказнасці набыла законную моц.
Далейшую абарону сваіх правоў у наглядных судовых інстанцыях грамадзянская актывістка палічыла бесперспектыўным затратным заняткам, адмовілася весці цяжбу на нацыянальным узроўні і звярнулася з індывідуальным паведамленнем у КПЧ.
"Адмова ад абскарджання ў наглядных інстанцыях - гэта разумная стратэгія. Камітэт неаднаразова падкрэсліваў, што праверка правільнасці і законнасці судовых рашэнняў у Беларусі з'яўляецца неэфектыўным і вельмі затратным механізмам у аднаўленні парушаных правоў", - лічыць праваабаронца Павел Левінаў.
Ён упэўнены, што Камітэт, разгледзеўшы скаргу Наталлі Трошчанкі, знойдзе факты парушэння яе правоў на свабоду слова і мірныя сходы з боку беларускай дзяржавы.
Міхась Пісараў