У чым сутнасць скаргі і якое рашэнне прыняла суддзя Наталля Карабліна – пакуль застаецца таямніцай.
63-гадовы Уладзімір Мунякін стаў вядомым у горадзе дзякуючы сваім амбіцыйным праектам. Гэтак, у 2013 годзе ён прапаноўваў у Віцебску стварыць мясцовы «Галівуд» – пабудаваць у парку Тысячагоддзя здымачныя павільёны і 76 элітных катэджаў для супрацоўнікаў студыі. Было ў планах і стварэнне свайго «ўласнага інтэрнэту». Дарэчы, на YouTube Мунякін вёў канал «Сацыяльная бяспека» з вялікай колькасцю падпісчыкаў. На гэты момант канал заблакаваны.
У 2020 годзе ў відэароліках абяцаў прыняць актыўны ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах і нават збіраў грошы на кампанію. Паводле прэс-службы МУС, Мунякін «распавядаў у сваіх роліках, што зʼяўляецца ці не галоўным канкурэнтам дзейнага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
«Дарэчы, сам махляр, які нарадзіўся на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, паводле беларускага заканадаўства, не мог удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Ведаючы пра гэта, ён усё роўна актыўна збіраў грошы пад сваю ўяўную выбарчую кампанію», – паведамляе МУС.
У ведамстве сцвярджаюць, што Мунякін змог назбіраць больш за 100 тысяч беларускіх рублёў. Супраць яго была распачатая крымінальная справа па ч.4 арт. 209 («Махлярства»). Таксама завялі справу за распальванне сацыяльнай варожасці – за заклікі да гвалту ў дачыненні супрацоўнікаў міліцыі.
Начальнік віцебскага ГУБАЗіКу Андрэй Краско называў яго летась «радыкальна палітызаваным блогерам». Ратуючыся ад арышту, Мунякін зʼехаў у Расею, дзе яго затрымалі 2 снежня 2020 года і экстрадавалі ў Беларусь.
Разгляд скаргі ў судзе Першамайскага раёну Віцебску прайшоў у закрытым рэжыме. Чаму суд насіў закрыты характар, незразумела. «Віцебская Вясна» будзе сачыць за развіццём падзей.
Віталь Емяльянаў