Згодна з абвінавачаннем, грамадзянін Л. 27 сакавіка 2021 году, знаходзячыся дома ў сваёй сястры ў Мёрах, запісаў на тэлефон «Xiaomi» відэаролік, які ўтрымліваў «ненарматыўную форму маўленчага выказвання ў дачыненні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Потым мужчына выклаў яго ў адну з сацыяльных сетак.
На думку суду, гэты кантэнт быў накіраваны «на падрыў аўтарытэту кіраўніка дзяржавы», які ў выніку быў публічна зняважаны.
Аўтар відэа пра Лукашэнку цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся.
Суд прыняў рашэнне пакараць мужчыну пазбаўленнем волі на тэрмін 1 год 6 месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Апроч таго, у дачыненні мужчыны будзе ўжытае прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Мабільны тэлефон, з дапамогай якога быў зняты відэаролік, канфіскаваны як прылада злачынства.
Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны ці апратэставаны ў абласным судзе.
Гэта не першы выпадак у Віцебскай вобласці, калі судзяць за публічныя выказванні грамадзян у бок Аляксандра Лукашэнкі. Так, зусім нядаўна за каментар у «Інстаграм» быў асуджаны жыхар Віцебску Юры Серабро. Яму таксама прысудзілі паўтара года калоніі паводле арт. 368 КК РБ. Пазней яго прызналі палітвязнем.
Віталь Емяльянаў