Паводле афіцыйнай інфармацыі аб працэсе, Яўген Харашкевіч абвінавачваецца ў распальванні сацыяльнай варожасці (ч.1 арт. 130 КК), публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх (ч.2. арт. 342 КК і падрыхтоўка да злачынства - ч.1 арт. 13 КК).
Найбольшы максімальны тэрмін пакарання прадугледжвае арт. 130 КК (да 5 гадоў пазбаўлення волі).
Якія канкрэтныя дзеянні выстаўляюць Харашкевічу па гэтых артыкулах – невядома.
Яўгена Харашкевіча затрымалі 19 студзеня 2021 году ў Наваполацку. Прэс-служба МУС паведамляла, што на Харашкевіча выйшлі супрацоўнікі віцебскага ГУБАЗіКа ў межах «пошуку асобаў з экстрэмісцкімі поглядамі, якія падтрымліваюць прыхільнікаў масавых беспарадкаў».
Як раней расказвала «Нашай Ніве» жонка затрыманага, у іхнім доме адбыўся ператрус: забралі камп'ютарную тэхніку і тры страйкбольныя аўтаматы. Падставай для затрымання, паводле жонкі, былі каментары ў сацсетцы, на якія нібыта пакрыўдзілася выкладчыца фізічнага выхавання Акадэміі МУС Наталля Петухова.
Ніна і Яўген Харашкевічы. Крыніца: nn.by
Да снежня 2020 году Яўген Харашкевіч працаваў кіроўцам на Полацкім малочным камбінаце, але яму не працягнулі кантракт. На выбарах 9 жніўня Харашкевіч быў назіральнікам у роднай вёсцы Фарынава Полацкага раёну. 12 жніўня быў затрыманы проста на працоўным месцы, але праз два дні яго вызвалілі.
Ад студзеня Яўген Харашкевіч утрымліваецца ў СІЗА-2 Віцебску. Суд над ім – закрыты.
Янка Прас