Маці палітвязня Паўла Севярынца, які больш за 10 месяцаў знаходзіцца за кратамі, падзялілася, пра што піша сын у сваіх лістах да яе і бацькі. Па словах Таццяны Севярынец, яна атрымала ад Паўла 75 лістоў. Ён не падае духам: піша кнігу, посціць і прапаведуе ў камеры. 

Відэазварот Сяргея Плігаўкі з'явіўся на афіцыйнай старонцы страйкавага камітэту ААТ «Нафтан» у сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» 16 красавіка. У ім супрацоўнік нафтаперапрацоўчага заводу абвясціў, што сыходзіць у стачку аж да выканання ягоных патрабаванняў. На «Нафтане» Плігаўка адпрацаваў 23 гады.

На пачатку 2021 году Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў пад нумарам 3820/2020 індывідуальную скаргу Таццяны Севярынец. Грамадская актывістка лічыць, што беларускай дзяржавай было парушанае яе права на ўдзел у масавых мерапрыемствах.

17 красавіка па ініцыятыве ўладаў у Віцебскай вобласці пройдзе суботнік, на якім жыхары вобласці будуць працаваць на сваіх працоўных месцах або ажыццяўляць добраўпарадкаванне тэрыторый населеных пунктаў і сацыяльных ды іншых аб'ектаў. Плануецца, што ў суботніку возьмуць удзел больш за 300 тысяч чалавек.

Петыцыя супраць прапанаваных назваў вуліц у новым мікрараёне Чаромушкі ў гонар савецкіх дзеячаў і газеты «Віцьбічы» была размешчаная на сайце petition.by 16 красавіка. Аўтары петыцыі прапануюць назваць вуліцы «у гонар сусветна вядомых віцяблян і людзей, непарыўна звязаных з нашым горадам» – Малевіча, Быкава, Салярцінскага ды іншых.

На досвітку 15 красавіка ў Віцебску быў затрыманы 62-гадовы актывіст Мікола Качурэц. Паводле інфармацыі, атрыманай ад жонкі Качурца, яго затрымалі нібыта з той прычыны, што меў не адбытыя 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Пасля затрымання віцяблянін знаходзіўся ў Першамайскім РАУС Віцебску.

Увечары 13 красавіка ў вёсцы Прусы Пастаўскага раёну быў затрыманы валанцёр «Краіны для жыцця» і былы палітвязень Андрэй Новікаў. Паводле жонкі Новікава, яму інкрымінуюць незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы (арт. 371 КК). У доме Новікавых прайшоў ператрус: канфіскавалі аргтэхніку і дакументы.

Віцебскі гарвыканкам абвясціў грамадскае абмеркаванне ў пытанні назваў трох вуліц у новым мікрараёне «Чаромушкі», які павінен паўстаць на Маскоўскім праспекце. Прапанаваныя варыянты назваў: Газеты Віцьбічы, імя Рыгора Багамазава (камандзір авіяпалка, дыслакаванага ў Віцебску) і Валянціна Міхельсона (першы сакратар Віцебскага гаркаму кампартыі). Абмеркаванні пройдуць ад 19 красавіка да 13 траўня.

13 красавіка ў Докшыцах без усякіх на тое падставаў былі затрыманыя журналісты-фрылансеры Зміцер Лупач і Алена Шабуня. Тры гадзіны яны прабылі ў Докшыцкім РАУС, дзе з імі правялі прафілактычную размову, агледзелі тэлефоны і пасля гэтага адпусцілі. Без складання пратаколаў.

Камітэт па правах чалавека ААН устанавіў факт парушэння беларускай дзяржавай права жыхара Віцебскага раёну Леаніда Здрэстава на распаўсюд інфармацыі. Камітэт прапанаваў Беларусі прыняць адпаведныя меры для прадастаўлення Здрэставу адэкватнай кампенсацыі і кампенсацыі яго судовых выдаткаў, а таксама прыняць меры для прадухілення падобных парушэнняў у будучыні.