Пятніца, 16 Красавік 2021

Віцябляне прапануюць назваць вуліцы ў Чаромушках імёнамі мастакоў, пісьменнікаў і навукоўцаў

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Адну з вуліц прапанавалі назваць у гонар Казіміра Малевіча Адну з вуліц прапанавалі назваць у гонар Казіміра Малевіча

Петыцыя супраць прапанаваных назваў вуліц у новым мікрараёне Чаромушкі ў гонар савецкіх дзеячаў і газеты «Віцьбічы» была размешчаная на сайце petition.by 16 красавіка. Аўтары петыцыі прапануюць назваць вуліцы «у гонар сусветна вядомых віцяблян і людзей, непарыўна звязаных з нашым горадам» – Малевіча, Быкава, Салярцінскага ды іншых.

Новы мікрараён «Чаромушкі» мае паўстаць у Віцебску ўздоўж Маскоўскага праспекту на выездзе з гораду. Мясцовыя чыноўнікі ўжо прыдумалі назвы для трох новых вуліц: Газеты Віцьбічы, Валянціна Міхельсона і Рыгора Багамазава. Абвясцілі грамадскія абмеркаванні з гэтай нагоды. Але прапанаваныя ўладамі варыянты спадабаліся не ўсім.

«Не зусім зразумела, чаму назвы вуліц у гонар савецкага ваеннага, газеты гарвыканкаму і савецкага чыноўніка мусяць упрыгожваць таблічкамі новыя дамы ў новым мікрараёне з такой мілагучнай назвай», – гаворыцца ў звароце.

Аўтары петыцыі прапануюць свае варыянты для кожнай новай вуліцы. Для першай: мастакі Эль Лісіцкі, Казімір Малевіч, Іегуда Пэн. Для другой: пісьменнікі Васіль Быкаў, Лазар Лагін, Міхась Лынькоў. Для трэцяй: навукоўцы Жарэс Алфёраў, Аляксей Сапуноў і музыказнаўца Іван Салярцінскі.

Аўтары звароту спасылаюцца на «Палажэнне аб парадку правядзення грамадскіх абмеркаванняў у галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці» і звяртаюць увагу чыноўнікаў на тое, што «прапановы ўдзельнікаў грамадскага абмеркавання, якія паступілі ў пісьмовай або электроннай форме, рэгіструюцца і накіроўваюцца арганізатарам грамадскага абмеркавання ў 5-дзённы тэрмін з дня паступлення дадзеных заўваг і (або) прапаноў у адрас архітэктурна-горадабудаўнічага савету для разгляду, абагульнення і прыняцця рашэнняў».

Прапановы грамадзян павінны быць разгледжаныя ў 5-дзённы тэрмін архітэктурна-горадабудаўнічай радай.

Падпісаць петыцыю можна на платформе Petition.by да 30 красавіка. У гэты дзень яна будзе накіраваная ў аддзел архітэктуры і горадабудаўніцтва Віцебскага гарвыканкаму.

Таксама ў межах грамадскага абмеркавання назваў вуліц свае заўвагі і прапановы можна даслаць у аддзел архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкаму на электронны адрас Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду..

Уладзімір Бяляўскі