«Я стаміўся цярпець тое бязмежжа, якое адбываецца на маім прадпрыемстве ў прыватнасці і ў краіне ў цэлым. Я хачу, каб мае любімыя дочкі жылі ў свабоднай дэмакратычнай краіне. Таму з 12 гадзін 30 хвілінаў 16 красавіка 2021 гады я сыходжу ў стачку да выканання патрабаванняў, выкладзеных у маёй заяве», – кажа ў звароце Сяргей Плігаўка.
На прадпрыемстве ён працуе машыністам помпы ўстаноўкі «Платформенг 5» Першай Вытворчасці.
Якое бязмежжа адбываецца на прадпрыемстве, страйкоўца не ўдакладняе. Іншы працаўнік гэтай жа «Першай Вытворчасці», Аляксандр Кухаронак, які таксама сышоў у стачку, у сваім відэазвароце паведамляў, што «невядомыя ўскрываюць шафы ў бытоўках» і што на прадпрыемства прыходзяць супрацоўнікі АМАП.
Штодзённым фактам стала звальненне найбольш актыўных удзельнікаў пратэставага руху. Так, яшчэ ў снежні 2020 году была звольненая за сваю актыўную дзейнасць Вольга Брыцікава – начальнік аддзелу рэалізацыі нафтапрадуктаў.
Многія са страйкоўцаў падпалі пад судовыя пераследы і былі пакараныя вялікімі штрафамі ці арыштамі.
Датэлефанавацца да самога Сяргея Плігаўкі, каб узяць у яго каментар, не ўдалося. Але, як запэўніваюць яго калегі, ён знаходзіцца на волі.
Уладзімір Бяляўскі