Чацвер, 15 Красавік 2021

У Віцебску затрымалі актывіста Міколу Качурца

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Мікола Качурэц Мікола Качурэц

На досвітку 15 красавіка ў Віцебску быў затрыманы 62-гадовы актывіст Мікола Качурэц. Паводле інфармацыі, атрыманай ад жонкі Качурца, яго затрымалі нібыта з той прычыны, што меў не адбытыя 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Пасля затрымання віцяблянін знаходзіўся ў Першамайскім РАУС Віцебску.

Як расказала жонка Міколы Качурца Марына, яго затрымалі каля 6-й гадзіны раніцы.

«Мікола не аднойчы казаў мне, што яго пільнуюць супрацоўнікі РАУС, выведваюць нейкую інфармацыю пра яго ў суседзяў. Таму калі ён патэлефанаваў мне ў 5:56 і сказаў, што збіраецца ехаць у РАУС, я не вельмі здзівілася», – расказала Марына.

Паводле яе, у Міколы яшчэ са жніўня 2020 году заставаліся не адбытыя 10 сутак і пару гадзін адміністрацыйнага арышту. Ён быў затрыманы ў ноч з 9 на 10 жніўня, асуджаны паводле арт. 23.34 КаАП на 15 сутак і быў вызвалены з віцебскага СІЗА-2 без тлумачэння прычын 14 жніўня.

Жонка Міколы Качурца паведаміла таксама, што яе муж мае намер адмовіцца ад турэмнай ежы. Ён сказаў ёй пра гэта, калі апошні раз тэлефанаваў з Першамайскага РАУСу. Марына паспела перадаць мужу перадачу яшчэ ў аддзяленне міліцыі.

«Павезлі перадачу ў СІЗА, але там Міколы яшчэ не было. Прыйшлося ехаць у РАУС. На маё здзіўленне, там з намі размаўлялі ветліва, перадачу ўзялі без асаблівых спрэчак і нават пакінулі нумар тэлефона на выпадак, калі будуць пытанні», – паведаміла жонка Качурца.

Мікола Качурэц будзе знаходзіцца за кратамі да 25 красавіка.

А. Радцэвіч