Пастановай суду Кастрычніцкага раёну Віцебску ад 21 сакавіка 2017 году Таццяна Севярынец была прызнаная вінаватай у тым, што паўторна цягам аднаго года пасля адміністрацыйнага пакарання за такое ж парушэнне ўзяла ўдзел у масавых мерапрыемствах. Акцыі не былі санкцыянаваная мясцовай уладай. На падставе часткі 3 артыкулу 23.34 КаАП Севярынец была аштрафаваная на 50 базавых велічынь, што на той момант складала 1150 беларускіх рублёў.
Для абароны свайго права на ўдзел у мірных публічных акцыях Таццяна Севярынец звярталася у вышэйшыя судовыя інстанцыі. Аднак беларускія суды адмовіліся абараніць яе правы. Свой адказ яны абгрунтавалі тым, што суд Кастрычніцкага раёну Віцебску прыняў рашэнне паводле закону і на фактычных доказах.
Улічваючы правапрымяняльную практыку, якая сведчыць пра тое, што пракурорскі нагляд у Рэспубліцы Беларусь не эфектыўны, Таццяна Севярынец не звярталася ў гэты дзяржаўны орган. Аднак яе аргументы аб неэфектыўнасці працы органаў пракуратуры ў галіне абароны правоў і свабодаў улады палічылі несапраўднымі. Згодна са статыстычнымі дадзенымі за 9 месяцаў 2020 году, органамі пракуратуры краіны на пастановы па адміністрацыйных справах прынесены 2261 пракурорскі пратэст, з якіх задаволена 1978 (87,5%). Прыведзеныя лічбы сведчаць пра тое, што пракурорскі нагляд зʼяўляецца дастаткова эфектыўным сродкам абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Таму ўлады палічылі, што Севярынец не прайшла ўсе стадыі абароны сваіх правоў і, у адпаведнасці з артыкулам 2 Факультатыўнага пратаколу Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, разгляд яе скаргі Камітэтам немагчымы.
Больш за тое, улады разглядаюць пададзеную скаргу як злоўжыванне актывісткай правам на зварот у Камітэт.
«Падобная пазіцыя дзяржавы па скаргах беларускіх грамадзян у Камітэт не дае станоўчага эфекту. Камітэт, які рэгіструе і прымае рашэнні па скаргах без зваротаў у органы пракуратуры, працягвае гэта рабіць, не звяртаючы ўвагі на пратэсты дзяржавы. І гэта правільна, бо беларуская пракуратура не апратэставала ніводнага (!) адмоўнага рашэння судоў адносна ўдзелу грамадзян у масавых мерапрыемствах. Беларуская пракуратура ў цяперашні час перастала быць органам праваахоўным, захавала толькі карныя функцыі», – патлумачыў сітуацыю праваабаронца Павел Левінаў.
Ён упэўнены, што скарга Таццяны Севярынец мае перспектыву разгляду Камітэтам па сутнасці, і, з вялікай вярагоднасцю, КПЧ прызнае парушэнне дзяржавай права актывісткі на ўдзел у масавых мерапрыемствах.
Мікола Пісараў