15 ліпеня 2013 гады жыхар Віцебскага раёна Леанід Здрэстаў падаў заяву на правядзенне 17 і 18 жніўня 2013 года адзіночнага пікету ў Віцебскім парку Савецкай Арміі з мэтай інфармавання жыхароў горада аб сістэматычным парушэнні яго правоў рознымі дзяржаўнымі органамі. Аднак улады забаранілі праводзіць пікеты на той падставе, што ён не прыклаў да сваёй заявы дамоваў з адпаведнымі службамі па падтрыманні грамадскага парадку і прадастаўленні медычных паслуг падчас мерапрыемстваў і па прыборцы тэрыторыі пасля правядзення пікетаў.
Прайшоўшы ўсе судовыя інстанцыі і не дамогшыся ў іх належнай абароны свайго права на распаўсюд інфармацыі, аўтар скаргі звярнуўся ў Камітэт.
Цягам чатырох гадоў ішла перапіска, у якой кожны з бакоў спрабаваў даказаць сваю правату. Дзяржава настойвала на тым, што правы Здрэстава не былі парушаныя і прасіла не рэгістраваць ягоную скаргу, а Здрэстаў абгрунтавана сцвярджаў пра парушанае права публічна распаўсюджваць крытычную інфармацыю. Відаць, аргументы Леаніда былі больш пераканаўчымі, і Камітэт прыняў рашэнне на яго карысць.
Акрамя прызнання беларускай дзяржавы парушальнікам права Леаніда Здрэстава на свабоду слова, КПЧ прапанаваў ураду перагледзець заканадаўчую базу ў адпаведнасці са сваім абавязкам перад міжнароднымі праваабарончамі арганізацыямі.
У прыватнасці, перагледзець рашэнне №881 Віцебскага гарвыканкаму і артыкулы Закону аб масавых мерапрыемствах і прывесці іх у адпаведнасць міжнародным стандартам з мэтай забеспячэння права грамадзян на свабоду слова і мірныя сходы.
З нагоды чарговага рашэння Камітэту віцебскі праваабаронца Леанід Свецік заўважыў, што гэта не першае і, вядома ж, не апошняе рашэнне Камітэту па правах чалавека ў скаргах віцебскіх грамадзянскіх і палітычных актывістаў. Ён выказаў надзею, што ўлады перагледзяць нарматыўна-прававыя акты для спрашчэння працэдур атрымання дазволу на правядзенне масавых мерапрыемстваў і сходаў грамадзян у Віцебскім рэгіёне.
Лявон Яфрэменка