Новы мікрараён Чаромушкі мае размясціцца ў Віцебску ўздоўж Маскоўскага праспекта на выездзе з гораду насупраць мікрараёну Білева на месцы ранейшага прыватнага сектару. Запланаванае будаўніцтва шматпавярховых жылых дамоў і сацыяльных аб'ектаў – школ, двух садкоў і нават лазні. Засталося выбраць назвы вуліц.
Ці падыходзяць прапанаваныя ўладамі назвы?
На думку кіраўніка абласной філіі БНФ Кастуся Смолікава, чыноўнікі не дужа задумваюцца над варыянтамі і прапануюць тое, што ім бліжэй па духу.
«Прапанаваныя назвы адпавядаюць сённяшняму грамадска-палітычнаму настрою і стану фантазіі спецыялістаў гарвыканкаму», – кажа палітык.
На ягоную думку, трэба, каб людзі самі прапаноўвалі розныя варыянты, а ўжо потым са спісу выбіралі найбольш прыдатную і ўпадабаную назву. Было б таксама няблага прыцягнуць тапаграфічную камісію, выслухаць найперш меркаванні адмыслоўцаў, а не слухаць чыноўнікаў.
«А назваць вуліцу імем газеты «Віцьбічы», ну гэта ўвогуле смешна, таму што павагі ў народзе да гэтай газеты, мне здаецца, ужо аніякай. На яе падпісваюцца па разнарадцы, па загадзе зверху», – пракаментаваў Смолікаў адзін з прапанаваных варыянтаў.
Прызнаўся, што не хацеў бы жыць на вуліцы з такой назвай.
«Гэта абмяркоўваць нават не хочацца. Шкада мне тых людзей, якія будуць жыць на гэтак названых вуліцах», – падсумаваў Кастусь Смолікаў.
Праект новага мікрараёну
Сваё меркаванне аб прапанаваных варыянтах можна выказаць ад 19 красавіка да 13 траўня ў аддзеле архітэктуры і горадабудаўніцтва Віцебскага гарвыканкаму (вул. Шубіна, 5). Сваё меркаванне можна таксама накіраваць электронным лістом на адрас Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду..
Уладзімір Бяляўскі