Лукашэнка 6 лютага падпісаў Указ №41 «Аб прызначэньні і звальненьні судзьдзяў». Згодна з указам, старшынём Віцебскага абласнога суду прызначаны Аляксандр Федзюкевіч, які да гэтага займаў пасаду намесьніка старшыні аблсуду і старшыняваў у судовай калегіі па грамадзянскіх справах.

Пэтыцыя з патрабаваньнем адмяніць канцэрт расейскага сьпевака Віктара Каліны ў Докшыцах, заплянаваны на 16 лютага, апублікаваная на сайце «Зручны горад». За некалькі дзён пад зваротам падпісаліся больш за паўтысячы грамадзян. Пэтыцыя будзе накіраваная ў Докшыцкі райвыканкам.

5 лютага Віцебскі абласны суд агучыў вырак у крымінальнай справе колішняга кіраўніка Шумілінскага раёну Аляксандра Снарава. Суд прызнаў выстаўленыя супраць яго абвінавачваньні даказанымі і прысудзіў да чатырох з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Снарава абвінавачвалі паводле аж 5-ці артыкулаў Крымінальнага кодэксу (арт.242, ч.3 арт.424, ч.3 арт. 426, ч.2 арт.427, ч.2 арт. 430).

У Віцебскім абласным судзе 5 студзеня разгледзелі скаргі на рашэньні судоў першай інстанцыі адразу трох актывістак – Тацяны Севярынец, Натальлі Трошчанка і Натальлі Стрэльчанка. Усе яны былі аштрафаваныя за ўдзел у мірных акцыях у падтрымку незалежнасьці Беларусі. Ніводная скарга не была задаволеная.

У суботу 1 лютага віцебскі блогер Аляксандар Дуброўскіх быў вызвалены зь ізалятару часовага ўтрыманьня (ІЧУ), дзе адбываў 15 сутак. Ужо на волі, ён расказаў, што «суткамі» яго пакаралі за вядро з касьцямі, якое ён кінуў пад ногі судзьдзі Белавуса ў ягоным жа кабінэце. За некалькі дзён да гэтага менавіта Белавус аштрафаваў блогера на 30 б.в. за ўдзел у менскіх акцыях супраць інтэграцыі.

У 2019 годзе ў органах пракуратуры Віцебскай вобласьці было разьвязана больш за 5000 зваротаў грамадзян. З гэтай колькасьці цалкам ці часткова было задаволена 27% зваротаў, паведамляе арганізацыйна-кантрольны аддзел пракуратуры Віцебскай вобласьці.

Прадпрымальнік і ўласьнік былой сядзібы батаніка Адамава Максім Жукаў прасіў надаць імя славутага навукоўцы адзінай у Вялікіх Лётцах вуліцы, якая зараз завецца Савецкай. Мясцовыя ўлады адказалі адмовай: маўляў, і жыхары, і дэпутаты супраць перайменаваньня, прычым – «адзінагалосна»…

У Віцебску 30 студзеня прайшлі апошнія суды над удзельнікамі пікету на плошчы Перамогі 29 сьнежня. Суд Чыгуначнага раёну Віцебску пакараў Аляксея Прохарава штрафам у памеры 50 базавых велічынь, Тацяну Севярынец аштрафавалі на 20 базавых. Абодва прызнаныя парушальнікамі заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Алесь Круткін быў 28 студзеня асуджаны на 15 сутак Полацкім судом. Гэтак яго пакаралі за ўдзел у мірных акцыях у абарону незалежнасьці краіны, якія праходзілі ў Менску ў сьнежні 2019 году. Суд над актывістам прайшоў у закрытым рэжыме, паведамляе «Эўрапейская Беларусь».

28 студзеня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Натальлю Сьпірыдонаву аштрафавалі на 25 базавых велічынь за ўдзел у сьнежаньскім антыінтэграцыйным пікеце на плошчы Перамогі. У гэты ж дзень у судзе Кастрычніцкага раёну яна разам з полацкім актывістам Аляксандрам Круткіным стала фігуранткай іншай адміністрацыйнай справы.