Артыкулы напісаны па адной і той самай схеме: нейкі жыхар вобласці спадзяваўся, што ягоныя дзеянні застануцца таямніцай, але следчыя ўдарна папрацавалі і вылічылі аўтара негатыўных каментароў. Высветлілася, што ён быў падпісаны на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы, дзе неаднаразова пакідаў абразлівыя выказванні на адрас прадстаўнікоў улады ці міліцыянтаў. За што і быў асуджаны да пазбаўлення волі.
Між тым, нават такія «безасабовыя» тэксты дазваляюць зрабіць пэўныя высновы. Па-першае, яны супярэчаць навязлівым ідэалагічным спробам давесці, нібыта ў 2020-м годзе «замежныя куратары» падбухторвалі маладых людзей да супроцьпраўных дзеянняў, а тыя наіўна вяліся на заклікі дэструктыўных тэлеграм-каналаў і СМІ, бо не мелі дастаткова жыццёвага досведу. Прыкладам, герой артыкула «Думали ниточка, оказался клубок. Житель Витебска наказан за оскорбительные комментарии в интернете» – гэта 53-гадовы мужчына, які яшчэ ў « 2013 году разместил на своей странице популярной соцсети для публичного просмотра видеоролик, и содержание этого видео выставляло в негативном свете правоохранительные органы и в позитивном – протестное население». А ў артыкуле «Пожилая жительница Витебской области наказана за оскорбления в интернете» і ўвогуле распавядаецца пра 57-гадовую жыхарку Вушачаў, якая «занимала руководящую должность», і тым не менш напісала каля 20-ці каментароў, дзе следчыя знайшлі абразы прадстаўнікоў улады і міліцыянтаў.
Па-другое, падобныя артыкулы скіраваны выключна на застрашванне чытачоў, бо ніякай аб’ектыўнай інфармацыі ў іх няма, апрача падрабязна апісанага пакарання. Па-трэцяе, публікацыі ў «Витебских вестях» дублююць практыку закрытых судовых працэсаў, падчас якіх падсудных пакідаюць без грамадскай падтрымкі, а праваабаронцаў – без звестак пра сутнасць абвінавачванняў і дэталяў судовых разбіральніцтваў.
Станіслаў Іваноўскі