У верасні 2020 года новаствораная «Чорная кніга Беларусі» збірала людзей ў каманду, для пошуку і праверкі асабістых звестак сілавікоў. Адным з новых супрацоўнікаў стаў Артур — яго твар пры прыёме ў каманду ніхто не бачыў, не ведалі і сапраўднае прозвішча.
Ён стаў адказваць за бяспеку — правяраць файлы, якія прыходзяць, прабіваць людзей па базах.
Праз месяц з моманту прыходу Артуру даверылі весці перапіску з важнымі інфарматарамі «Чорнай кнігі». Паралельна ён правяраў прозвішчы сілавікоў — нібыта праз банкаўскую сістэму, у якой працуе. Аднойчы на праверку трапіла і яго ўласнае імя — але Артур сказаў, што такога чалавека ў органах няма.
Губазікавец не прайшоў поўнай праверкі і быў адзіным удзельнікам каманды, хто заставаўся ў Беларусі, — нягледзячы на гэта, адзін з каардынатараў ЧКБ даў яму доступ да чат-бота.
Верыфікацыю Артура праводзіў Даніла Багдановіч, які тады быў каардынатарам агенцтва «Інфапойнт». Ён кажа, што новы супрацоўнік зліў камандзе прозвішчы губазікаўцаў — для Багдановіча гэта быў доказ супрацы.
У кастрычніку 2020-га Артура дадалі ў закрыты чат з усімі супрацоўнікамі ЧКБ. Ён даведаўся сапраўдныя прозвішчы некаторых чальцоў каманды.
Менш чым праз два тыдні пасля гэтага ў Мінску арыштавалі супрацоўніка буйной камунікацыйнай фірмы — важнага інфарматара ЧКБ. Нейкі час перад гэтым ён быў на сувязі з двума сябрамі ЧКБ, адзін з якіх — Артур. Другі супрацоўнік падняў трывогу, праінфармаваў пра сітуацыю Данілу Багдановіча. Але той не паверыў — аргументам было тое, што Артур дапамог уцячы з Беларусі некалькім асобам, правярае сілавікоў у банкаўскіх базах. Тое, што ні пашпарта, ні твару Артура не бачылі, не бралася ў разлік.
Яшчэ праз месяц затрымалі другога каштоўнага інфарматара ЧКБ. Але Артур зноў унікнуў падазрэнняў, бо яго самога лічылі каштоўным інфарматарам.
Але ў некаторых калег падазрэнні засталіся.
Пазней у «Кіберпартызанаў» з'явілася першая версія базы грамадзян Беларусі, дзе былі толькі імёны, адрасы і месцы працы, без фота. Пра Артура адзін з калег ведаў абрывачныя даныя, але памятаў, што той з Віцебска. У базу ўвялі імя, горад і МУС як месца працы — выдала супрацоўніка ГУБАЗіКа Артура Гайко. Але ж Артураў у абласным цэнтры можа быць шмат…
У сакавіку 2021 года ў каардынатаркі ЧКБ Яніны Сазановіч зноў з'явіліся падазрэнні. Але Гайко спрабаваў пераканаць каманду, што гэта Яніна і ёсць агент.
У красавіку Гайко ўзначаліў ЧКБ і адказваў за пытанні бяспекі ў агенцтве «Інфапойнт».
У канцы мая здарыўся вялікі пракол. Сілавік скінуў калегу, які ўвесь час яго падазраваў, скрыншот групавой размовы з зуму, і адзіны Артур, які там быў, меў прозвішча Гайко. Губазікавец патэлефанаваў адразу гэтаму калегу, каб пераканаць, што гэта не ён. А той, стомлены тым, што ніхто не верыць яго падазрэнням і лічыць яго параноікам, не расказаў пра выкрывальны факт астатняй камандзе.
Больш падрабязна можна прачытаць сайце "Нашай нівы" тут.