Панядзелак, 16 Лістапад 2026

Кіраваць Віцебскай вобласцю паставілі генерал-маёра

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Старшынём Віцебскага аблвыканкама прызначаны Павел Муравейка. Адбыўся нечаканы кар’ерны віраж: яшчэ толькі 28 верасня Аляександр Лукашэнка прызначыў Паўла Муравейку намеснікам кіраўніка сваёй адміністрацыі. Раней Павел Муравейка займаў пасаду начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першага намесніка міністра абароны. Паводле ягоных словаў, ён займаўся “забеспячэннем фарміравання працэсаў абароны краіны”. Паводле адкрытых крыніц, аніякіх грамадзянскіх спецыяльнасцяў ён не мае. Хаця падчас прызначэння Аляксандр Лукашэнка даручыў яму асабліва старанна развіваць як сельскагаспадарчую галіну, так і прамысловасць, але не ў апошнюю чаргу - і народнае апалчэнне.

Прызначаючы Муравейку на новую пасаду Лукашэнка прыгадаў ягоны вайсковы досвед: “Вы -человек системный, с военным характером, привыкший ставить задачи и требовать исполнения».

Нагадаем, 20 кастрычніка, адразу пасля абласных "Дажынак" ранейшый кіраўнік вобласці быў адпраўлены ў адстаўку. "З прычыны хваробы" - такое было афіцыйнае тлумачэнне. У той самы дзень Аляксандр Лукашэнка прызначыў выконваючым абавязкі старшыні Віцебскага аблвыканкама Сяргея Ляўковіча, які дагэтуль працаваў першым намеснікам Аляксандра Рагожніка.

Павел Муравейка нарадзіўся ў 1971 годзе ў Мар'інай Горцы (Мінская вобласць) .  Новы кіраўнік Віцебшчыны ў 1992 годзе скончыў Мінскае вышэйшае ваенна-палітычнае агульнавайсковае вучылішча, праходзіў ваенную службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Паслядоўна займаў пасады камандзіра мотастралковага ўзвода, роты, начальніка штаба — намесніка камандзіра мотастралковага батальёна, камандзіра мотастралковага батальёна.

У 2001 годзе скончыў камандна-штабны факультэт Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. У далейшым праходзіў службу ў Генеральным штабе Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь на пасадах старшага афіцэра аддзела (планавання) аператыўнага ўпраўлення, старшага афіцэра, начальніка групы, начальніка арганізацыйна-аналітычнай групы галоўнага аператыўнага ўпраўлення і начальніка аддзела галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба.

У 2008 годзе скончыў Ваенную акадэмію Генеральнага штаба Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі і служыў на пасадах начальніка ўпраўлення, намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення — начальніка ўпраўлення, першага намесніка начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба.

Андрэй Ракіцкі