Новае ўтварэнне прэзентуюць як грамадскую структуру, дзейнасць якой будзе накіравана «на садзеянне ў рэалізацыі дзяржаўнай палітыцы, прыцягненне маладых спецыялістаў да працэсаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, далучэнне да магчымасцяў удзельнічаць у распрацоўцы і рэалізацыі гарадскіх мерапрыемстваў і абмеркавання ўсіх пытанняў жыццезабеспячэння Наваполацка». Усе гэтыя задачы будуць вырашаць маладыя людзі ад 18 да 31 году, і новае моладзевае аб’яднанне стане «кансультатыўным органам» пра Наваполацкім гарсавеце.
Дэпутаты падкрэсліваюць, што ініцыятыва Наваполацка – першая падобная ў вобласці. Але найверагодней, што неўзабаве падобныя структуры паўстануць па ўсёй краіне. І справа не толькі ў тым, што ўлады мусяць імітаваць дэмакратычныя працэсы – ствараць новыя грамадскія аб’яднанні пасля таго, як тысячы недзяржаўных структур былі гвалтоўна зачыненыя пасля жніўня 2020-го году. Памкненне стварыць падкантрольныя мясцовым уладам моладзевыя органы тлумачыцца яшчэ і фінансавым чыннікам.
Аляксандр Лукашэнка ўнёс змены ў закон «Аб асновах дзяржаўнай моладзевай палітыкі», якія прадугледжваюць падтрымку моладзевых ініцыятыў бюджэтнымі сродкамі. Так што ва ўладаў з’яўляецца дадатковая магчымасць атрымаць фінансаванне, калі абвясціць патрэбную мэту ініцыятывай моладзі.
Станіслаў Іваноўскі