«Беларускі саюз жанчын» стварыў у Віцебску «клуб для ўмацавання сямейных каштоўнасцяў»
Клуб мае статус абласнога і называецца «Счастье». Ён мае задачу садзейнічаць умацаванню інстытуту традыцыйнай сям“і, падтрымцы мацярынства і дзяцінства – так пішуць афіцыйныя віцебскія СМІ. Урачыстае адкрыццё правялі, які і варта было чакаць, з вялікай помпай – у канцэртым зале «Віцебск». На ўрачыстай частцы найбольш важным удзельнікам – начальнікам і кіраўнікам рознага рангу – уручылі клубныя пасведчанні, а потым для ўсіх быў вялікі канцэрт мастацкай самадзейнасці. Чым канкрэтна будзе займацца клуб, створаны для ўмацавання сямейных каштоўнасцяў, выразна не прагучала.
Праваабаронцы патрабуюць рэабілітацыі Іллі Двойрына па крымінальнай справе
Жыхар Наваполацка быў пакараны адным годам разбаўлення волі ўмоўна. 28 верасня ў Наваполацкім гарадскім судзе 53-гадовага работніка “Нафтана” Іллю Двойрына прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства). Суддзя Віталь Лапко пакараў мужчыну за інцыдэнт, які здарыўся 1 ліпеня: паводле абвінавачання, Ілля Двойрын запэцкаў белай фарбай лабавое шкло машыны, на капоце і бакавінах якой былі намаляваныя вялікія літары «Z». Беларуская праваабарончая супольнасць заявіла, што лічыць Двойрына былым палітычным зняволеным: ён не меў гэтага статусу падчас утрымання за кратамі, але ягоная справа відавочна мае прыкметы палітычнай.
Уплаў да крамы? Браслаўчане скардзяцца на вялізную лужыну на вуліцы
Вось такое «возера» даводзіцца пераадольваць жыхарам мікрараёна турбазы, каб патрапіць у краму. Раскінулася яно на скрыжаванні вуліцы Набярэжнай з завулкам Турыстычным у Браславе.