Выйшла на волю віцебская журналістка Таццяна Матвеева
Яе вызвалілі пасля затрымання на 72 гадзіны, але на выхадзе далі позву ў Кастрычніцкі раённы суд. Таццяну Матвееву будуць судзіць паводле арт. 24.23 за нібыта незаконнае пікетаванне, а насамрэч за аватарку ў Фэйсбуку, аздобленую надпісам у белым і чырвоным колерах. Гэты здымак быў актуальны больш за год таму, але міліцыянты знайшлі яго сярод архіўных фота… Суд прызначылі на 11 гадзін 9 жніўня.
Палітвязня Дзмітрыя Дубоўскага ў дзень народзінаў змясцілі ў ШІЗА
Актывіста руху анархістаў, які адбывае пакаранне ў віцебскай калоніі «Віцьба-3», кінулі ў штрафны ізалятар на 10 сутак 29-га ліпеня, гэта быў якраз ягоны дзень народзінаў. У выніку ён не трапіў на запланаванае кароткатэрміновае спатканне з сястрой. Раней яго пазбавілі працяглага спаткання – так робяць з усімі палітзняволенымі ў некаторых калоніях. З першага дня ў ПК-3 яго паставілі на асаблівы ўлік як «асобу, схільную да ўцёкаў».