Панядзелак, 01 Жнівень 2022

Выйшла на волю віцебская журналістка Таццяна Матвеева

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Яе вызвалілі пасля затрымання на 72 гадзіны, але на выхадзе далі позву ў Кастрычніцкі раённы суд. Таццяну Матвееву будуць судзіць паводле арт. 24.23 за нібыта незаконнае пікетаванне, а насамрэч за аватарку ў Фэйсбуку, аздобленую надпісам у белым і чырвоным колерах. Гэты здымак быў актуальны больш за год таму, але міліцыянты знайшлі яго сярод архіўных фота… Суд прызначылі на 11 гадзін 9 жніўня.

Таццяну т затрымалі 28 ліпеня на чыгуначным вакзале, калі яна вярталася з камандзіроўкі: пасля закрыцця найбуйнейшага беларускага парталу, з якім журналістка супрацоўнічала, яна працуе на розныя СМІ, і дзеля гэтага часта даводзіцца выязджаць з гораду. Ёй паказалі пастанову на ператрус і павезлі дахаты.Панятымі ўзялі суседзяў, якія назіралі, як у Таццяны знайшлі і забралі бел-чырвона-белую і блакітную стужкі, значок у белых і чырвоных колерах, паштоўку, выдадзеную да стагоддзя БНР, некалькі кніжак і лістоў. Забралі таксама аргтэхніку: ноўтбук, два тэлефоны і флэшку. Гэта для журналісткі стала галоўнай праблемай: па сутнасці, у яе забралі магчымасць працаваць.

Пасля ператрусу міліцыянты папрасілі Таццяну пад’ехаць з імі ў РАУС, і дахаты ў той дзень яна не вярнулася. Як удалося даведацца, на жанчыну склалі пратакол за адміністрацыйнае правапарушэнне. Родныя і сябры чакалі, што суд адбудзецца назаўтра, 29 ліпеня. Але працэсу не было, а ў ІЧУ затрыманая мусіла правесці 72 гадзіны – роўна столькі колькі дазваляе беларускае заканадаўства.

Месяц таму Таццяну Матвееву выклікалі ў Кастрычніцкі РАУС на так званую «прафілакстычную гутарку». Як распавядала тады журналістка, размова тычылася перадусім парталу найбуйнейшага беларускага парталу, з якім Таццяна супрацоўнічала некалькі гадоў, але  была вымушана звольніцца пасля яго закрыцця. Гутарка працягвалася амаль 2 гадзіны, а на развітанне міліцыянт сказаў загадкавую на той момант фразу: «Да новых сустрэч».

Жанна Жалейка