Затрымалі Ксенію Глот, вакалістку полацкага гурта «Варган»
Пра гэта ў Instagram паведаміў яе муж, Канстанцін Путронак. Паводле ягонага допісу, учора Ксенію выклікалі ў РАУС, каб узяць тлумачэнні па адміністрацыйнай справе, якая тычыцца распаўсюду экстрэмісцкіх матэрыялаў. Якіх менавіта, жанчыне не патлумачылі. З міліцыі Ксенія Глот дахаты не вярнулася. Няма ніякіх звестак, ці адбыўся сёння суд, і які далейшы лёс жыхаркі Полацку.
Вольгу Ялцэвіч будуць судзіць за дапамогу палітвязням
Жыхарку Докшыцаў вінавацяць у фінансавай дапамозе рэпрэсаваным паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці). Больш за паўгода яе трымаюць у Берасцейскім СІЗА №7 (Вольга Ялцэвіч мае рэгістрацыю ў Берасцейскай вобласці), на цяперашні момант следства скончана, і абласная пракуратура ўжо перадала справу ў суд. Жанчыне пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.