Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску 10 лістапада разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні студэнткі віцебскага медуніверсітэту Паліны Нітчанка, якую міліцыянты звінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні 26 кастрычніка. Суд прызнаў студэнтку вінаватай і пакараў штрафам у памеры 24 базавыя велічыні.

У нядзелю 8 лістапада віцебская актывістка Таццяна Севярынец і незалежная журналістка Алена Шабуня былі затрыманыя на вуліцы Леніна ў Віцебску. Жанчыны ішлі па сваіх справах ад абласной бібліятэкі ў бок ГЦ «Марка-сіці», але да гандлёвага цэнтру так і не дайшлі – былі затрыманыя міліцыянтамі і дастаўленыя ў Чыгуначны РАУС Віцебску.

У Полацкім судзе 4 лістапада намеснік старшыні суду Уладзімір Бясецкі пакараў на 7 сутак адміністрацыйнага арышту Генадзя Бердзянёва за ўдзел у масавым мерапрыемстве 25 кастрычніка. Генадзь сцвярджаў на судзе, што «выказваў сваё меркаванне індывідуальна, пратэстуючы супраць затрымання мірных грамадзян».

Суд Першамайскага раёну Віцебску 5 лістапада пастанавіў пакараць вядомага віцебскага актывіста Міколу Качурца адміністрацыйным арыштам на 15 сутак за ўдзел у вулічным шэсці, якое адбылося 20 верасня. На суд Мікола Качурэц не прыйшоў. Ягоную справу разглядала суддзя Вераніка Барысава.

Аляксандр Баярын – вядомы ў Віцебску стваральнік унікальных гітар. 25 кастрычніка ён далучыўся да шэсця грамадзян, якія мірна пратэставалі супраць міліцэйскага гвалту і беззаконня ў краіне. Мужчына прайшоў у калоне ўсяго ад плошчы Леніна да плошчы Свабоды, аднак патрапіў у кадры міліцэйскіх відэаздымак. На яго завялі адміністрацыйную справу, якую 5 лістапада разгледзеў суд Кастрычніцкага раёну.

4 лістапада сябры грамадскай ініцыятывы «Хайсы» наведалі ў ваколіцах Віцебску месцы расстрэлаў і пахавання рэпрэсаваных грамадзян. Дзень быў выбраны не выпадкова: 4 лістапада 1937 году ў Віцебску расстралялі 110 чалавек, сярод якіх былі мастакі Янка Гаўрыс, Яўхім Мінін, браты Пётр і Хрыстафор Даркевічы…

18-гадовая віцяблянка Сафія Цярэнцьева 29 кастрычніка зладзіла ў падтрымку рэпрэсаваных студэнтаў адзіночны пікет. У той жа дзень дзяўчына была адлічаная з тэхналагічнага каледжа, яе затрымалі і змясцілі ў СІЗА, дзе правяла трое сутак. 4 лістапада адміністрацыйную справу (ч.3 арт. 23.34 КаАП), заведзеную ў дачыненні Цярэнцьевай, пачаў разглядаць суд Кастрычніцкага раёну Віцебску.

Віцебскага актывіста Андрэя Кулакова, больш вядомага як уладальніка «Жывемабіля», суд Кастрычніцкага раёну Віцебску аштрафаваў 3 лістапада на 15 базавых велічынь за дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП). Справу Кулакова разглядаў суддзя Мікалай Атрахімовіч.

У Дзень памяці 2 лістапада віцебскія актывісты наведалі мемарыяльнае месца расстрэлаў за часамі сталінізму мірных грамадзян Беларусі ля вёскі Паляі Віцебскага раёну. У гэты ж дзень наведалі вясковыя могілкі ў вёсцы Друкава, дзе пахаваны кіраўнік Віцебскай абласной рады КХП БНФ Уладзімір Плешчанка.

Суд Першамайскага раёну Віцебску 2 лістапада вынес папярэджанне 64-гадовай віцяблянцы Таццяне Зеляновай за ўдзел у мірным маршы 30 жніўня (ч.1 арт. 23.34 КаАП). Пенсіянерка назвала на судовым паседжанні выстаўленыя ў дачыненні яе абвінавачанні смеху вартымі.