Актывіст быў затрыманы 28 кастрычніка супрацоўнікамі міліцыі проста на выхадзе з будынку суду Кастрычніцкага раёну, куды ён прыйшоў на працэс падтрымаць сваіх сяброў. Двое сутак Андрэй Кулакоў правёў у СІЗА, пасля чаго быў вызвалены да суду.
Згодна з пратаколам, Кулакоў, «знаходзячыся каля будынку суду, з хуліганскіх намераў у прысутнасці старонніх асобаў дэманстраваў жэсты ў выглядзе сярэдняга пальца левай рукі ў бок аўтамабіля». У тым аўто сядзелі трое супрацоўнікаў міліцыі, пры гэтым адзін з іх здымаў на відэакамеру.
Як растлумачыў на судзе ўчастковы міліцыянт, яны знаходзіліся там, бо «ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку пры правядзенні несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў».
Якія масавыя мерапрыемствы праводзіліся ў той дзень каля будынку суду, супрацоўнік МУС не патлумачыў.
Кулакоў жа заявіў, што такім жэстам ён нікога не думаў пакрыўдзіць, а толькі хацеў «папрасіць людзей спыніць відэаздымкі», хацеў даць ім зразумець, што бачыць, як яго здымаюць.
Уладальнік «Жывемабіля» папрасіў участковага і суддзю патлумачыць, на падставе якога закону гэты канкрэтны жэст з'яўляецца забароненым, і прывёў у прыклад нядаўні выпадак з дацэнтам лінгвістычнага ўніверсітэту Валерыем Пішчыкам, які дэманстраваў падобныя жэсты сваім студэнтам. Ні міліцыянт, ні суддзя нічога не змаглі адказаць на гэта.
Выслухаўшы выступы сведак і прагледзеўшы відэа, суддзя Мікалай Атрахімовіч прызнаў Андрэя Кулакова вінаватым у дробным хуліганстве і прыняў рашэнне аштрафаваць актывіста на 15 базавых велічынь (405 рублёў).
Уладзімір Бяляўскі