Справу Аляксандра Баярына разбіраў суддзя Уладзімір Царыкаў. Гітарны майстар быў абвінавачаны ва ўдзеле ў несанкцыянаваным вулічным шэсці (ч.1 арт. 23.34). У міліцэйскім пратаколе сцвярджалася, што Баярын «рухаўся ў кампаніі грамадзян, якія скандавалі «Жыве Беларусь!», «Забастоўка!», выкрыквалі іншыя лозунгі».
Віцяблянін віны не прызнаў, хоць не адмаўляў, што рухаўся ў калоне.
«Я вельмі паважаю меркаванне людзей – педагогаў, лекараў, студэнтаў. І мне здавалася, што трэба праявіць салідарнасць. Актыўна ўдзельнічаць у працэсах я не магу, таму хацеў падтрымаць людзей хаця б сваёй прысутнасцю», – патлумачыў удзел у акцыі Баярын (мужчына мае другую групу інваліднасці).
У якасці доказаў вінаватасці мужчыны міліцыянты падалі ў суд відэазапісы з мірнага шэсця, на якіх Баярын пазнаў сябе.
Перад тым як агучыць рашэнне, суддзя некаторы час вагаўся. Запытаўся ў Аляксандра, ці будзе хадзіць на шэсці ў будучым. «Што падкажа сумленне, тое і буду рабіць», – адказаў мужчына.
«А ці зрабілі вы для сябе правільныя высновы?» – зноў запытаўся суддзя, робячы акцэнт на слове «правільныя». «Мы зараз усе спрабуем асэнсаваць, якія ж высновы для нас правільныя», – парыраваў Аляксандр Баярын.
Суддзя Уладзімір Царыкаў пастанавіў прызнаць Аляксандра Баярына вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і пакараць яго штрафам у памеры 2 базавыя велічыні (54 рублі).
Аляксандр Баярын атрымлівае пенсію, якая складае, з ягоных словаў, 260 рублёў на месяц.
Зміцер Міраш